7 чэрвеня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Выхаванцы цэнтра цыркавога мастацтва "Арэна" (Мазыр) упершыню прадставяць Беларусь на адным са старэйшых міжнародных фестываляў цыркавога мастацтва Circuba, які пройдзе з 25 чэрвеня па 2 ліпеня ў Гаване (Куба). Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар цэнтра Наталля Дайнэка.
Мазырскія артысты выступяць з нумарам "Канатаходцы", які ў студзені бягучага года стаў сярэбраным прызёрам цыркавога конкурсу ў Монтэ-Карла. Разам з імі на арэне Carpa Trompoloco сваё майстэрства прадэманструюць прадстаўнікі мацнейшых цыркавых школ Лацінскай Амерыкі, Азіі і Еўропы, у тым ліку з ЗША, Кітая, Бразіліі, Японіі, Канады, Мексікі і іншых краін.
Фестываль Circuba, створаны ў 1981 годзе, уваходзіць у лік трох старэйшых міжнародных форумаў у сваім жанры. Яго папярэднікамі з'яўляюцца фестываль у Монтэ-Карла (1974) і цыркавы фестываль будучага Young Ring у Парыжы (1977).
Культурны цэнтр Carpa Trompoloco - гордасць кубінскага цыркавога мастацтва - быў заснаваны летам 2005 года, ён умяшчае больш за 2 тыс. чалавек. Названы ў гонар знакамітага клоўна Эрдуіна Фернандэса. Carpa Trompoloco - нацыянальны цырк Кубы і афіцыйны прадстаўнік міжнароднага фестывалю Circuba 2017.
Дзяржаўная ўстанова "Цэнтр цыркавога мастацтва "Арэна" была створана ў 2006 годзе. Цяпер тут займаюцца каля 100 чалавек: акрабаты, паветраныя гімнасты, эквілібрысты, жанглёры, канатаходцы. У 2013 годзе "Арэна" атрымала ганаровае званне "Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь", а ў 2014 годзе Прэзідэнт Беларусі ўручыў калектыву спецыяльную прэмію "За духоўнае адраджэнне" - за значны ўклад і папулярызацыю аматарскага цыркавога мастацтва.