18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дыега Марадона падзякаваў за прыём у Беларусі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Instagram футбольнай знакамітасці.
"Дзякуй, Беларусь, за гэты прыём. Не думаю, што заслугоўваю гэтага, але я прыкладу ўсе намаганні для брэсцкага "Дынама", - напісаў Дыега Марадона.
Легендарны аргенцінскі футбаліст прыляцеў у Брэст 16 ліпеня, дзе даў сваю першую ў Беларусі прэс-канферэнцыю і наведаў матч чэмпіянату Беларусі, у якім брэсцкае "Дынама" ўступіла салігорскаму "Шахцёру" - 1:3.
Некаторы час Дыега Марадона мае намер правесці ў Аргенціне з роднымі, аднак ужо вядома, што наступная сустрэча з клубам адбудзецца 2 жніўня ў Афінах - Марадона наведае матч 2-га раўнда Лігі Еўропы з удзелам брэсцкага "Дынама" і "Атрамітаса".
Як паведамлялася, Дыега Марадона ў маі гэтага года падпісаў трохгадовы кантракт з футбольным клубам "Дынама-Брэст" і ўступіў на пасаду старшыні праўлення клуба. Ён будзе займацца пытаннямі стратэгічнага развіцця каманды, узаемадзейнічаць з усімі яго структурнымі падраздзяленнямі, уключаючы дзіцячую акадэмію брастаўчан.