11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія выканаўцы сталі лаўрэатамі VIII Міжнароднага конкурсу маладых вакалістаў EuroStars 2018. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ўдзельнікі дуэта "Аляксандра і Канстанцін", паспяхова выступілі на конкурсе іх выхаванцы - 13-гадовая вучаніца сярэдняй школы імя Я.Купалы Настасся Краўчанка і Ганна Мікіціч (26 гадоў) з Гродна.
Усяго каля 100 выканаўцаў з 17 краін Еўропы спаборнічалі за званне лаўрэатаў на гэтым міжнародным конкурсе. Прадстаўніцы Беларусі вярнуліся на радзіму са званнямі лаўрэатаў III прэміі ў адпаведных узроставых катэгорыях. Маладыя артысткі рыхтаваліся да конкурсу каля трох месяцаў, з усёй адказнасцю выконваючы парады і ўказанні сваіх педагогаў. Усе вакальныя партыі былі вывераны і прадуманы да дробязей.
"У час цырымоніі ўзнагароджання назва краіны "Беларусь" прагучала двойчы. Мы ганарымся нашымі выхаванкамі!", - падзяліліся Аляксандра і Канстанцін.
Акрамя асноўных узнагарод і лаўрэацкага звання ў якасці спецыяльнага прыза Настасся Краўчанка атрымала некалькі запрашэнняў на іншыя міжнародныя конкурсы.
Як расказалі Аляксандра і Канстанцін, за час творчага шляху даўжынёй амаль 20 гадоў яны прымалі ўдзел у многіх фестывалях, удзельнічалі і перамагалі ў шэрагу міжнародных конкурсаў, выступалі ў многіх краінах. "За гэтыя гады набыты вялікі сцэнічны вопыт, а таксама сувязі з арганізатарамі фестываляў па ўсёй Еўропе. Цяпер, прымяняючы гэты вопыт, нараўне з канцэртнай і творчай дзейнасцю, займаемся і педагагічнай, дапамагаючы адораным дзецям і маладым артыстам-пачаткоўцам раскрыць свой талент", - дадалі артысты.