15 красавіка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Магілёўскі абласны драматычны тэатр датэрмінова закрывае сезон. Рашэнне прынята ў сувязі з існуючай эпідэміялагічнай сітуацыяй і адпаведна рэзкім зніжэннем цікавасці гледачоў, пракаменціравалі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры.
"Мы прынялі рашэнне аб адмене ўсіх бліжэйшых спектакляў, а таксама аб датэрміновым завяршэнні бягучага тэатральнага сезона з выхадам калектыву ў працоўны водпуск, - паведамілі ва ўстанове культуры. - У тым ліку адмяняюцца гастролі іншых калектываў - Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Драматычнага тэатра беларускай арміі. Паказы спектакляў "Паўлінка" і "Не пакідай мяне..." былі запланаваны на 22 і 29 красавіка адпаведна. Набытыя білеты можна здаць або абмяняць у касе тэатра да 30 красавіка".
У тэатры дадалі, што на працягу красавіка і мая ў сацыяльных сетках і на сайце mdrama.by будуць размяшчацца спасылкі на анлайн-трансляцыі спектакляў з відэаархіва.