18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Мадонны" вядомага беларускага мастака Аляксея Кузьміча праедуць па гарадах Эстоніі. Аб гэтым БЕЛТА паведаміў куратар выстаўкі "Храм Мадонны" сын мастака Аляксей Кузьміч-малодшы.
Сёння выстаўка з 40 твораў майстра экспануецца ў Цэнтры рускай культуры ў Таліне. Экспазіцыя будзе працаваць да 14 студзеня наступнага года, потым плануецца яе паказ у іншых гарадах Эстоніі і краін Балтыі.
Выставачны праект Аляксея Кузьміча "Храм Мадонны" знаёміць гледача з тэмай Мадонны і мацярынства ў беларускім выяўленчым мастацтве на рубяжы канца ХХ - пачатку ХХI стагоддзяў у кантэксце творчасці майстра. Мэта праекта - адраджэнне духоўнага пачатку і класічных традыцый у сучасным мастацтве.
Экспазіцыя карцін Аляксея Кузьміча ўключае цыклы работ і асобныя творы жывапісу на тэму Мадонны, жанчыны, маці. Дадаткова да галоўнай часткі выстаўкі таксама прадстаўлены работы гістарычнага жанру, жывапісу рэлігійнай тэматыкі і ню, а таксама традыцыйныя партрэты, пейзажы і нацюрморты.
У сваіх палотнах Аляксей Кузьміч раскрыў вобраз Мадонны ХХ-ХХI стагоддзяў. Яго палотны з Мадоннамі ведаюць далёка за межамі Беларусі, а яго самога невыпадкова называюць беларускім Рафаэлем. Ён раскрываў свеце чароўны вобраз жанчыны-беларускі, жанчыны-славянкі і праз яе расказваў пра сваю родную Беларусь. Імя мастака занесена ў кнігу рэкордаў Расіі, краін СНД і Балтыі як майстра, які стварыў самую вялікую калекцыю палотнаў з вобразам Мадонны.