20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў рэдакцыю часопіса "Полымя" з 95-годдзем выдання, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"За час свайго існавання гэта старэйшае літаратурна-мастацкае выданне краіны адлюстравала гістарычны шлях беларускага народа, прадэманстравала нязменную адданасць высокім маральным і ідэйна-эстэтычным каштоўнасцям", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на старонках "Полымя" публікаваліся класікі Якуб Колас, Янка Купала, Іван Мележ, Максім Танк, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Іван Шамякін, Уладзімір Караткевіч і іншыя вядомыя аўтары.
"Сёння часопіс прадстаўляе багатую палітру твораў як вядучых майстроў роднага слова, так і прадстаўнікоў маладога пакалення. Дзякуючы "Полымю" па-беларуску загучалі лепшыя ўзоры сусветнай літаратуры", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.