24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета з 85-годдзем з дня заснавання ўстановы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Гісторыю тэатра пісалі выдатныя майстры, адданыя сваёй справе. Славу яму здабылі цудоўныя салісты, артысты, дырыжоры, рэжысёры і мастакі", - гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ўстанова з'яўляецца гонарам і здабыткам нацыянальнай тэатральнай культуры, захоўваючы і развіваючы лепшыя традыцыі акадэмічнага мастацтва, адкрываючы гледачу новыя імёны.
"Прыміце словы ўдзячнасці за вернае служэнне сцэне, пастаянны творчы пошук, арыгінальнасць і яркія эмоцыі, якімі вы дзеліцеся са сваімі паклоннікамі. Няхай слаўная гісторыя тэатра прадоўжыцца гучнымі прэм'ерамі і цікавымі спектаклямі", - пажадаў Прэзідэнт.