20 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Літаратурна-дакументальная выстаўка "Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому" адкрылася 19 мая ў Маскве ў пасольстве Беларусі ў Расіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе дыпмісіі.
У аснову створанай Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры экспазіцыі пакладзена апошняя кніга Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому", а таксама матэрыялы аб яго творчасці з фондаў музея - рукапісы, дакументы, пісьмы, малюнкі, кнігі з аўтографамі пісьменніка.
Дырэктар музея Лідзія Макарэвіч назвала сімвалічным, што гэта выстаўка праходзіць у расійскай сталіцы. Яна нагадала, што менавіта ў Маскве прыйшло да Васіля Быкава прызнанне як пісьменніка, тут выдаваліся спачатку ў часопісе "Новый мир", а потым і асобнымі кнігамі яго бессмяротныя творы.
Выстаўкай аб творчасці Васіля Быкава пасольства адкрыла цыкл "Знакамітыя імёны нашай Бацькаўшчыны", які ў далейшым прадставіць творчасць іншых выдатных дзеячаў беларускай культуры: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхаіла Агінскага, Івана Хруцкага і іншых.
Выстаўка падрыхтавана ў ходзе святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Яна будзе экспанавацца ў беларускай дыпмісіі да 12 чэрвеня.