22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Скрыпач-віртуоз Максім Венгераў упершыню выступіць у Мінску 12 кастрычніка ў праграме VIII Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, паведамілі БЕЛТА ў аргкамітэце фестывалю.
Сольны канцэрт, дзе два аддзяленні маэстра, у чыіх руках самая вядомая скрыпка Страдывары 1727 года пад назвай "Крэйцэр" і смычок, які раней належаў аднаму з самых вялікіх скрыпачоў ХХ стагоддзя Яшу Хейфецу, будзе выконваць рамантычныя мініяцюры і шэдэўры класічнай музыкі, пройдзе на сцэне Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Музычныя крытыкі называюць Максіма Венгерава музычным калосам і несакрушальнай скалой, і ўсе без выключэння адзначаюць дасканаласць яго ігры і страсць, якую выпраменьвае скрыпка майстра. Канцэрты віртуоза нязменна з'яўляюцца падзеяй сусветнага маштабу. Ён іграе з лепшымі аркестрамі свету пад кіраўніцтвам самых славутых дырыжораў.
Адкрыццё VIII Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета адбудзецца 2 кастрычніка ў Белдзяржфілармоніі. Фестываль, які ўпершыню адбыўся ў 2006 годзе, праводзіцца пад патранажам Прэзідэнта Беларусі і арыентаваны на аб'яднанне творчых сіл Беларусі, Расіі і іншых краін. Сюды кожны год прыязджаюць выдатныя артысты сучаснасці. Дзякуючы гэтаму мерапрыемству ў маладых таленавітых музыкантаў ёсць магчымасць выступіць на адной сцэне з сусветна вядомымі артыстамі.
Аўтарам ідэі фестывалю і яго мастацкім кіраўніком стаў беларускі піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў, выпускнік Каралеўскай акадэміі музыкі Лондана Расціслаў Крымер. Ганаровым сустаршынёй арганізацыйнага камітэта фестывалю з'яўляецца народны артыст Расіі, лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і Расіі Юрый Башмет.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|