15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка правёў перагаворы з кіраўніком кампаніі B-Tween Production Арно Фрыле, у ходзе якіх абмяркоўваліся магчымасці арганізацыі здымак французскіх фільмаў у Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Сёння Павел Латушка наведаў прэм'ерны паказ фільма "Тры ўспаміны з маёй маладосці", што адбыўся на 68-м Канскім кінафестывалі. Частка кінастужкі здымалася ў кастрычніку 2014 года ў Беларусі. Прадзюсарам здымак у нашай краіне выступіла французская кампанія B-Tween Production. Партнёрамі - Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" і кампанія "Дэмарш-фільм".
На перагаворах Паўла Латушкі з кіраўніком кампаніі B-Tween Production Арно Фрыле абмеркаваны магчымасці рэалізацыі ў будучым новых праектаў з удзелам беларускіх акцёраў і кінематаграфістаў, арганізацыі здымак французскіх фільмаў у Беларусі.
Беларусь прадстаўлена на 68-м Канскім кінафестывалі нацыянальным павільёнам, дзе прэзентавана прадукцыя кінастудыі "Беларусьфільм" і інфармацыя аб сумесных праектах.