15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Квартэт беларускіх фрыстайлістаў-акрабатаў (па два прадстаўнікі сярод мужчын і жанчын) прабіўся ў фінальны раўнд чэмпіянату свету-2015 па фрыстайле і снаўбордзе, які 14 студзеня стартаваў у аўстрыйскім Крайшбергу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сярод моцнай палавіны барацьбу за пападанне ў вырашальны этап спаборніцтваў (у лік 12 лепшых) вялі беларусы Максім Гусцік, Дзяніс Осіпаў і Станіслаў Гладчанка. Пасля першай кваліфікацыйнай спробы гэту задачу змог вырашыць Дзяніс Осіпаў, які за свой скачок атрымаў 113,28 бала і заняў 3-е месца, прытым што пропускі ў фінальны этап атрымлівала шасцёрка лепшых. Максім Гусцік паказаў у першай спробе 16-ы рэзультат (86,73 бала), а Станіслаў Гладчанка - 21-ы (71,39) сярод 22 удзельнікаў кваліфікацыі. У другой кваліфікацыйнай спробе, стаўшы другім (118,55), выйшаў у фінальны раўнд Гусцік. Гладчанка палепшыў ацэнку, але аказаўся 10-м (91,96), не здолеўшы прадоўжыць барацьбу за ўзнагароды. У выніку ён заняў 16-е месца.
У жаночых кваліфікацыйных спаборніцтвах барацьбу за пападанне ў лік 12 фіналістак вялі 20 спартсменак. Абедзве беларускі пераадолелі адборачны этап спаборніцтваў пасля другой спробы. Першая кваліфікацыя аказалася для іх няўдалай. Аляксандра Раманоўская стала 7-й (84,10), а Ганна Гуськова - 8-й (80,64), не трапіўшы ў першую шасцёрку. Пасля другога скачка Раманоўская заняла 2-е месца, а Гуськова - 4-е. З ацэнкамі, якія яны зарабілі пасля першай спробы, прадстаўніцы Беларусі прайшлі ў вырашальную стадыю спаборніцтваў.
У фінальным этапе, каб заваяваць узнагароды, прэтэндэнтам давядзецца не раз выйсці на схіл. У фіналах 1, дзе будуць выступаць па 12 спартсменаў, адсеюцца чатыры з горшымі рэзультатамі. Пасля фіналаў 2 застанецца толькі шэсць саіскальнікаў узнагарод, за якія яны непасрэдна будуць змагацца ў фінале 3.
Спаборніцтвы ў лыжнай акрабатыцы фрыстайла з'яўляюцца адзінымі, дзе выступаюць прадстаўнікі Беларусі на ЧС у Крайшбергу. У астатніх дысцыплінах фрыстайла і снаўборда старты прадоўжацца да 25 студзеня.