Галоўнай тэмай юбілейнага свята Купалле ў Александрыі стала трохгоддзе малой радзімы. На працягу двух дзён – 6 і 7 ліпеня – на беразе Дняпра праходзілі народныя гулянні. Удзельнікі з 7 краін – Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Літвы, Латвіі і Польшчы – выступалі на сцэне і паказвалі майстэрства на выстаўцы-кірмашы.
Для гасцей свята былі абсталяваны забаўляльныя пляцоўкі: "Творчасць маладых" з музычна-гульнявой праграмай "Казка пра чароўную кветку", канцэртамі маладзёжных калектываў і квестамі; зона цыркавых выступленняў; варкаўт-лакацыя; атракцыёны для самых юных наведвальнікаў Купалля.
У насычанай праграме фестывалю было і "Свята квасу" з прэзентацыяй брэндавага напітку свята, прыгатаванага па ўнікальным рэцэпце, "Кніжны кірмаш" і "Друкарскі двор", канцэрты і дыскатэкі.
Кульмінацыяй Купалля ў Александрыі-2019 стаў гала-канцэрт "Зроблена ў Беларусі", у якім прынялі ўдзел зоркі беларускай і замежнай эстрады – Юлія Быкава, Ціна Караль, Аляксандр Саладуха, Алёна Ланская, Леў Лешчанка, Анатоль Ярмоленка…
Па традыцыі на Купалле ў свае родныя мясціны прыехаў і Прэзідэнт Беларусі. "Мы тут з чыстым сэрцам прапануем кожнаму госцю свае самыя каштоўныя скарбы – культурныя, духоўныя, рамесныя і кулінарныя. І дапаўняем іх знакамітай беларускай гасціннасцю, якой нідзе ў свеце не знойдзеш. Я гэта кажу не таму, што я тут і гэта мая малая радзіма. Я наведаў усе куткі свету за гэтыя гады, і няма такога гасціннага народа, як беларусы. Гэта наш брэнд, наша адметнасць, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Упэўнены: нашы сустрэчы павінны прадаўжацца!"