5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Звыклыя афішы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў падземным пераходзе на станцыі метро "Кастрычніцкая" змянілі жыццесцвярджальныя цытаты з легендарнага спектакля "Паўлінка", дапоўненыя пажаданнямі акцёраў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта нашы месцы для размяшчэння тэатральных афіш. Але паколькі цяпер спектаклі не ідуць, замест традыцыйных афіш мы вырашылі размясціць вось такую тэатральную падтрымку ўсім беларусам. Узялі самую вядомую п'есу Янкі Купалы - "Паўлінка", наш легендарны спектакль, які ў мінулым годзе атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Выбралі самыя вядомыя фразы і дадалі да іх пажаданні купалаўцаў", - расказала намеснік генеральнага дырэктара тэатра Святлана Шыцікава.
Пажаданні супрацоўнікаў тэатра выдзелены тлустым шрыфтам. Выглядае гэта, напрыклад, так: "Во калі пайшло ўсё ўверх нагамі! Хутка стане на свае месцы!" або "Каханенькiя-родненькiя, беражыце сябе!"
Так купалаўцы трансліруюць свой пазітыўны пасыл і паказваюць, што з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з гледачом. Як хутка яна адбудзецца, пакуль у тэатры дакладную дату назваць не могуць. Але разлічваюць, што спектаклі зноў пачнуцца ў канцы мая - пачатку чэрвеня. Гледачы змогуць даведацца аб гэтым у тым ліку, калі ўбачаць на месцы цяперашніх жыццесцвярджальных плакатаў новыя афішы.