29 чэрвеня, Віцебск /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа 30 чэрвеня пасля вымушанай паўзы адбудзецца прэм'ера камедыі-фарсу "Каханне і падаткі" па п'есе драматургаў Уільяма Ван Занта і Джэйн Мілмар "Секс, каханне і падаткі", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры.
Над спектаклем працуе рэжысёр-пастаноўшчык Генадзь Мушперт. Ён пераклаў п'есу і падрыхтаваў музычнае афармленне. Мастак-пастаноўшчык - Святлана Макаранка.
У тэатры адзначылі: пастаноўка раскажа пра пошук сапраўднага моцнага кахання, важнасць надзейнай дружбы і ўменне стварыць добрыя адносіны з бацькамі. Але галоўнага героя Джона Трэчмена акрамя гэтага хвалюе іншае пытанне: як заплаціць менш падаткаў і сэканоміць некалькі долараў? "Ён упэўнены, што менавіта грошы дапамогуць яму больш трывала ўладкавацца ў нашым няпростым свеце. І каб знайсці выхад са складанай сітуацыі, юнак здольны на неверагодныя хітрыкі, падманы і нават на ахвяру. Застаецца толькі адно пытанне: ці вынесуць блізкія людзі ўвесь гэты маскарад? Адказ у нашым новым спектаклі - камедыі з элементамі фарсу", - дадалі ў тэатры.
У спектаклі заняты як маладыя, так і вопытныя артысты. Гэта Паліна Крашэўская, Уладзіслаў Жураўлёў, Аляксандр Казлоў, Дзмітрый Каваленка, Юрый Цвірка, Раіса Грыбовіч, Генадзь Гайдук, Алёна Чыстабаева, Пётр Ламан.
"Нягледзячы на няпростыя абставіны, на пандэмію каранавіруса, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прадаўжае працаваць над новымі спектаклямі, бо мастацтва вечнае. Коласаўцы вераць: прыйдуць лепшыя дні і глядач вернецца ў нашы залы. А пакуль ідуць рэпетыцыі, ствараюцца дэкарацыі і касцюмы, друкуюцца анатацыі, афішы і праграмкі", - адзначылі коласаўцы.