6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла прэзентацыя кнігі "Ад Брэсцкай крэпасці да алімпійскай вяршыні" з успамінамі першага алімпійскага чэмпіёна Беларусі, весляра Сяргея Макаранкі пра жыццёвы шлях і партнёра, з якім вядомы спартсмен заваяваў залаты медаль на Алімпійскіх гульнях у Рыме ў 1960 годзе. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.
Пры фінансавай падтрымцы НАК выдадзена 2 тыс. экзэмпляраў кнігі, якія будуць бязвыплатна перадавацца ў адукацыйныя і спартыўныя ўстановы. На прэзентацыі віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак адзначыў, што ў краіне вялікая ўвага ўдзяляецца спартыўнай і алімпійскай спадчыне, рэалізуюцца праекты па яе захаванні. Выданне "Ад Брэсцкай крэпасці да алімпійскай вяршыні" адно з іх. Дзмітрый Даўгалёнак перадаў у фонд Нацыянальнай бібліятэкі 500 экзэмпляраў выдання для распаўсюджвання па бібліятэках краіны. Намеснік генеральнага дырэктара НББ Віктар Пшыбытка падзякаваў НАК за падарунак, паколькі цяпер кожны жадаючы зможа вывучыць алімпійскую гісторыю нашай краіны.
Намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая дадала, што вельмі важна падтрымліваць нацыянальныя традыцыі і пераемнасць пакаленняў праз спорт і дасягненні нашых алімпійцаў, а старшыня прэзідыума Беларускай алімпійскай акадэміі Наталля Апанчук звярнула ўвагу на тое, што самай галоўнай спадчынай з'яўляюцца людзі, якія дастойна адстойваюць гонар нашай краіны на міжнародных спартыўных арэнах, такія як Сяргей Макаранка.
Кожны жадаючы атрымаў у падарунак кнігу з аўтографам алімпійскага чэмпіёна па веславанні на каноэ-двойцы Сяргея Макаранкі. Прэзентацыя адбылася ў рамках рэспубліканскага комплекснага спартыўна-масавага мерапрыемства "Тыдзень спорту і здароўя", што арганізуецца з 3 па 10 верасня ва ўсіх рэгіёнах краіны і Мінску.