3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніга беларускага аўтара Уладзіміра Тулінава "Гвардейцы Гиппократа" пра ўрачоў, якія выратавалі сотні жыццяў у гады Вялікай Айчыннай вайны, будзе прадстаўлена ў Вялікабрытаніі і Бельгіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Еўразійскай творчай гільдыі.
Англамоўная версія кнігі выйшла ў свет у выдавецтве Hertfordshire Press у серыі Eurasian Creative Guild (London) і будзе прэзентавана на Літаратурным тыдні Еўразійскай творчай гільдыі ў Лондане 1-6 кастрычніка і на міжнародным фестывалі Open Eurasian Literature Festival & BookForum, які пройдзе 14-17 лістапада ў Бруселі (Бельгія).
Выданне апавядае пра тытанічную працу і неверагодную самаадданасць тысяч урачоў, медсясцёр, якія кожны дзень, нягледзячы на страх і рызыку быць забітымі, прадаўжалі ратаваць хворых і параненых салдат.
Падставай для напісання кнігі стала асабістая гісторыя аўтара, маці якога была адным з тых самаадданых медыкаў. Летам 1942 года яна - выпускніца Іванаўскага дзяржаўнага медінстытута - пачала баявы шлях у складзе медыка-санітарнага батальёна стралковай дывізіі на Паўночна-Заходнім фронце ў раёне Дзямянска. Яна шмат расказвала сыну пра свой баявы шлях, што знайшло адлюстраванне ў "Гвардейцах Гиппократа".
Выданне кнігі ў Вялікабрытаніі - значная падзея для беларускай ваенна-патрыятычнай літаратуры. "Дзякуючы таму, што кніга перакладзена на англійскую мову, мільёны патэнцыяльных англамоўных чытачоў усяго свету змогуць даведацца пра беларускі народ і пра тое, хто прымаў удзел і праяўляў адвагу ў гады Вялікай Айчыннай вайны", - сказала прадстаўнік Еўразійскай творчай гільдыі Ангеліна Краснагір.
Уладзімір Тулінаў мае радыётэхнічную і ваенную адукацыю, з 27 гадоў піша вершы і артыкулы. З'яўляецца аўтарам кніг "Язык мой - друг мой", "Розовый Пегас", "Победа одна на всех", "В точку!", "За честь нации. Евреи против Гитлера", "Восточное направление".