15 ліпеня, Брэст /Аляўціна Чарнаволава - БЕЛТА/. У філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Мастацкім музеі, які размяшчаецца ў Паўднёвых казармах Брэсцкай крэпасці, адбудзецца цыкл канцэртаў класічнай музыкі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.
Вечары класічнай музыкі ў музеі плануецца арганізоўваць па пятніцах. Месца іх правядзення выбрана не выпадкова. Высокія скляпенні старадаўніх будынкаў, пабудаваных у ХІХ стагоддзі, ствараюць непаўторную акустыку.
Першы канцэрт з цыкла "Музычная пятніца ў Мастацкім музеі" адбудзецца 17 ліпеня. Лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў выканаюць арыі з сусветна вядомых опер, рамансы, творы Баха і Шапэна. Сваім настроем са слухачамі падзеляцца заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Лілія Батырава (фартэпіяна), дуэт Дзмітрыя Барысюка і Яўгена Наваркі (гітара), Аксана Казлоўская (скрыпка), Людміла Лагуцёнак (вакал).
Паводле слоў арганізатараў, такія праекты прызначаны паказаць наведвальнікам, што музей цяпер - моднае месца. У гэтым годзе Брэсцкі абласны краязнаўчы музей арганізаваў на пастаяннай аснове шэраг нетрывіяльных акцый. Так, раз у некалькі месяцаў з фондаў усяго на тры дні вырашана дэманстраваць даволі рэдкія прадметы, якія да гэтага ніколі не экспанаваліся. Таксама ва ўстанове культуры з чэрвеня праходзіць "модны чацвер". У гэты дзень супрацоўнікі музея прапануюць брастаўчанам правесці свой вольны час лёгка і пазнавальна. А аматарам актыўнага ладу жыцця спадабалася ініцыятыва брэсцкага археалагічнага музея "Бярэсце", які праводзіць веласіпедныя квэст-экскурсіі. Інтэлектуальны маршрут пралягае ад старажытнага гарадзішча да новых мікрараёнаў абласнога цэнтра.
Праект "Музычная пятніца ў Мастацкім музеі" ажыццёўлены Брэсцкім абласным краязнаўчым музеем сумесна з Брэсцкім музычным таварыствам і прымеркаваны да акцыі "Брэст - культурная сталіца Беларусі-2015".