19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Касманаўт Алег Навіцкі сустрэўся са студэнтамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я чарговы раз раскажу аб той рабоце, якую мы выконваем на арбіце, аб працэсе адбору і падрыхтоўкі касманаўтаў, аб нашым экіпажы. Хацеў бы крыху пашырыць кругагляд моладзі, таму што не ўсе добра ведаюць і разумеюць, чым мы займаемся", - адзначыў Алег Навіцкі.
Касманаўт расказаў студэнтам аб псіхалагічнай падрыхтоўцы да палёту, буднях на арбіце, аб тым, як забяспечваецца правільнае харчаванне і здароўе членаў экіпажа, а таксама аб традыцыях, якія абавязкова выконваюцца перад кожным палётам. "Падбор членаў экіпажа вядзецца з улікам псіхалагічных асаблівасцей кожнага чалавека і псіхалагічнай сумяшчальнасці. У час працяглай падрыхтоўкі да палёту - амаль два гады - выкарыстоўваюцца спецыяльныя методыкі, тэсты. У нас чатыры медкамісіі ў год, і кожная ўключае таксама гутарку з псіхолагам. На аснове гэтых псіхалагічных партрэтаў экіпаж падбіраецца такім чынам, каб у час палёту было максімум рэзультату і мінімум дыскамфорту", - сказаў Алег Навіцкі.
Ён пройдзе медкамісію ў студзені, і тады будзе вырашана, ці паляціць у космас трэці раз. "Я падтрымліваю сябе ў добрай фізічнай форме. Лічу, што арганізм поўнасцю аднавіўся пасля палёту, але гэтаму трэба афіцыйнае пацвярджэнне", - дадаў касманаўт.
У час сустрэчы касманаўт адказаў на пытанні студэнтаў і распісаўся ў Кнізе ганаровых гасцей Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.
Алег Навіцкі адправіўся на МКС разам з экіпажам місіі 50/51 амерыканкай Пэгі Уітсан і французам Тома Песке на караблі "Саюз МС-03" з касмадрома Байканур 17 лістапада 2016 года. На арбіце ён правёў 197 сутак і вярнуўся на Зямлю 2 чэрвеня 2017 года. Гэта экспедыцыя - ужо другі яго палёт у космас. Першы раз ён знаходзіўся на арбіце з 23 кастрычніка 2012 года па 16 сакавіка 2013 года як камандзір карабля "Саюз ТМА-06М". Алег Навіцкі з'яўляецца ўраджэнцам Чэрвеня Мінскай вобласці.