Мерапрыемства было арганізавана пад патранатам генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Ірыны Бокавай, а таксама пастаянных прадстаўнікоў Беларусі, Літвы і Польшчы пры ЮНЕСКА. Канцэрт "Пісьмы аб музыцы" быў прысвечаны юбілею Міхала Клеафаса Агінскага, кампазітара, дыпламата, мецэната, палітыка, дзеяча культуры. Дарэчы, юбілей Агінскага рашэннем Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ўключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА ў 2015 годзе.
Канцэрт наведалі амаль 1 тыс. прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, кіраўнікоў і супрацоўнікаў пастаянных прадстаўніцтваў пры ЮНЕСКА, супрацоўнікаў сакратарыята ЮНЕСКА, прадстаўнікоў французскай грамадскасці, дзелавых колаў, беларускай, польскай і літоўскай дыяспары. Ганаровым госцем мерапрыемства стаў віцэ-спікер сейма Літвы Гедымінас Кіркілас.
З прывітальным словам да гасцей мерапрыемства звярнулася Ірына Бокава, якая адзначыла ўклад Беларусі, Літвы і Польшчы ў пашырэнне разнастайнасці культурнага самавыяўлення - аднаго з галоўных прынцыпаў ЮНЕСКА. На канцэрце адбыліся выступленні беларускай піяністкі Кацярыны Глазоўскай, літоўскага струннага квартэта імя Чурлёніса і польскай спявачкі Элізабэт Запольскай.
Актыўнае садзейнічанне беларускаму ўдзелу ў канцэрце аказала Франка-беларуская асацыяцыя "Жыццё ў музыцы".
Госці мерапрыемства таксама змаглі азнаёміцца з фотавыстаўкай "Развітанне з Радзімай", прысвечанай мясцінам, звязаным з жыццём і творчасцю М.К.Агінскага. Экспазіцыя падрыхтавана фатографамі Віталем Раковічам (Беларусь), Альгімантасам Александравічусам (Літва) і Протам Янушкевічам (Польшча). Яна арганізавана пры садзейнічанні нацыянальных камісій па справах ЮНЕСКА Беларусі, Літвы і Польшчы.