6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. VII Міжнародныя спаборніцтвы "Мацнейшы пажарны-ратавальнік" пройдуць у Мінску 9 верасня ў Дзень горада, паведамілі БЕЛТА ў Мінскім гарадскім упраўленні МНС.
Убачыць відовішчныя спаборніцтвы можна на пляцоўцы каля цэнтральных варот парку Перамогі. У гэтым годзе ў ліку ўдзельнікаў акрамя мацнейшых ратавальнікаў Беларусі каманды з В'етнама, Санкт-Пецярбурга, Пскоўскай і Іркуцкай абласцей.
"Пераважна ў гэтым відзе спорту ўдзельнічаюць мужчыны, але выконваць па-сапраўднаму складаныя практыкаванні нараўне з моцнай паловай будуць і дзяўчаты. Спаборніцтвы пройдуць у катэгорыях "Індывідуальныя забегі", "Тандэм", "Тандэм-мікс" і "Камандная эстафета", - расказалі ў гарадскім упраўленні МНС.
Мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і Беларускай федэрацыі пажарна-выратавальнага спорту. У праграме - тэматычныя фотазоны, інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей, выступленні артыстаў, духавога аркестра сталічнага МНС, спецэфекты. Чакаюцца спецыяльныя конкурсы і прызы для гледачоў, у актыўных балельшчыкаў будзе магчымасць паўдзельнічаць у некаторых этапах спаборніцтваў.
"Мацнейшы пажарны-ратавальнік" - комплекс камбінаваных сілавых і скорасных нагрузак, якія трэба выканаць за мінімальны час у поўнай амуніцыі пажарнага-ратавальніка. Важыць такі камплект каля 30 кг. На шляху да фінішу ўдзельнікам трэба будзе падняцца з рукаўнай лініяй на пляцоўку чацвёртага паверха спецыяльнай вежы, з яе пры дапамозе сілы рук падняць рукаўную скатку вагой 19 кг, кувалдай перамясціць жалезную 72-кілаграмовую бэльку, потым прабегчы з пажарным рукавом, запоўненым вадой, і накіраваць струмень вады ў мішэнь. Апошняе выпрабаванне - перацягнуць манекен вагой каля 80 кг.
Старты запланаваны на 8.30, урачыстае адкрыццё адбудзецца ў 12.00. Цырымонія закрыцця намечана на 18.00. Прадугледжана прамая трансляцыя.
Спаборніцтвы традыцыйна праходзяць у Мінску ў Дзень горада з 2016 года.