Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Жнв 2024

Каляндар падзей у Беларусі: ВЕРАСЕНЬ 2024

Каляндар падзей у Беларусі: ВЕРАСЕНЬ 2024

Рэспубліканская кінаакцыя, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі

У гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ва ўсіх кінатэатрах краіны пакажуць лепшыя беларускія і савецкія фільмы аб Вялікай Айчыннай вайне розных гадоў. У афішу памятнай акцыі ўвайшло не толькі ігравое беларускае кіно, але і 16 дакументальных фільмаў, лепшыя савецкія кінастужкі, праваўладальнікамі якіх з'яўляюцца "Масфільм" і іншыя кінастудыі. Чакаецца, што ў час патрыятычнай акцыі для гледачоў адбудзецца больш за 2,8 тысячы кінасеансаў як у кінатэатрах, так і іншых установах культуры.

Калі: з 24 лютага па верасень 2024 года
Дзе: кінатэатры сталіцы, абласных і раённых цэнтраў Беларусі

Фестываль акадэмічнай арганнай і камернай музыкі ARS MAGNA ORGANI 2024

Фестываль ARS MAGNA ORGANI 2024 "Вялікае мастацтва аргана" ў новым сезоне аб'яднае 56 бясплатных канцэртаў. Для гэтага будуць задзейнічаны чатыры гістарычныя арганы – у Пінску, Мядзведзічах, Ружанах і Навагрудку, а таксама адзін электраарган – у Іванаве. Найбольш маштабная праграма – у Пінску, дзе адбудуцца 23 сольныя арганныя канцэрты і 6 канцэртаў камерных аркестраў і ансамбляў. Музыка прагучыць у кафедральным касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі на другім па гістарычнай значнасці аргане ў Беларусі. Высокае выканальніцкае майстэрства прадэманструюць 27 канцэртуючых арганістаў з Беларусі, Расіі, Аўстрыі і Венгрыі, 3 камерныя калектывы, а таксама ўдзельнікі запланаваных у рамках фестывалю майстар-класаў.

Калі: 8 чэрвеня – 13 кастрычніка
Дзе: Пінск, Мядзведзічы, Ружаны, Іванава, Навагрудак

Летні турыстычны сезон-2024 у Мінску: экскурсіі па Верхнім горадзе

Летні турыстычны сезон-2024 у сталіцы адкрыўся марафонам пешаходных экскурсій па старым горадзе. Кожную суботу (13.00 і 15.30) ад гарадской Ратушы адпраўляюцца групы (да 15 чалавек). Прагульваючыся па вузкіх вулачках, госці азнаёмяцца са славутасцямі, даведаюцца пра гісторыю велічных храмаў (Святадухаўскі кафедральны сабор, Архікафедральны сабор Найсвяцейшай Дзевы Марыі), былых комплексаў манастыроў базыльян і бернардзінцаў, Ратушы як сімвала гарадскога самакіравання, Гасцінага двара, а таксама старажытнага замчышча XII стагоддзя. Вывучаючы спадчыну гістарычнага цэнтра, экскурсанты пройдуць па вуліцах Няміга і Ракаўская да Юбілейнай плошчы і "перанясуцца" ў Мінск XIX стагоддзя – прагулка прадоўжыцца ў Ракаўскім прадмесці. Экскурсія завершыцца наведваннем падвалаў былой уніяцкай царквы Святога Духа.

Калі: 8 чэрвеня – 14 верасня
Дзе: Мінская гарадская ратуша, пл. Свабоды, 2а, Мінск

Выстава "Візуалізацыі. Паверхня і знак" у НЦСМ

"Візуалізацыі. Паверхня і знак" – гэта тэма аб'яднала жывапісныя работы сучасных беларускіх аўтараў з фондаў НЦСМ. Таксама ў экспазіцыю ўвайшлі творы расійскіх мастакоў Ганны Кандрацьевай, Ганны Канфер і Аляксея Парфёнава, створаныя ў 2022-м на міжнародным пленэры, прысвечаным 140-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Асобным праектам прадстаўлены экслібрысы нямецкага графіка Эрхарда Байтца. Цікава, што ў цэлым фонды Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Беларусі налічваюць больш за 1,7 тыс. экслібрысаў, падораных мастакамі і калекцыянерамі з 34 краін свету!

Калі: 26 ліпеня – 5 верасня, серада – нядзеля (з 12.00 да 20.00)
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, вул. Някрасава, 3, Мінск

Выстава "І ты закрасуеш, наш Мінск старадаўнi" ў НММ

У гонар Дня горада Мінска – а ў верасні сталіца адзначае 957-годдзе – у Нацыянальным мастацкім музеі адкрыецца выстава "І ты закрасуеш, наш Мінск старадаўні". Урэшце, беларускія вучоныя даказалі, што горад значна старэйшы, і афіцыйная дата заснавання будзе карэкціравацца. Наведвальнікі НММ убачаць рэтраспектыву Мінска праз палітру мастакоў ад пачатку ХХ стагоддзя да 1968 года. Тут і актыўны рост, і будаўніцтва ў 1920–30-я, адлюстраваныя ў работах Аркадзя Астаповіча, Язэпа Драздовіча, Мікалая Дучыца, Мікалая Тарасікава, Міхаіла Філіповіча, Меера Сляпяна... І перыяд Вялікай Айчыннай вайны, які пакінуў трагічны след у лёсе жыхароў (галоўная тэма – у Оскара Марыкса, Монаса Манасзона, Паўла Гуткоўскага, Анатоля Тычыны). І адраджэнне, аднаўленне, атрыманне новага аблічча, што апявалі Леў Лейтман, Давід Генін, Сямён Герус, Ізраіль Басаў, Сяргей Каткоў.

Калі: 23 жніўня – 6 кастрычніка
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей, вул. Карла Маркса, 24, Мінск
Даведацца падрабязней

Дзень беларускага пісьменства ў Івацэвічах

За сваю гісторыю Дзень беларускага пісьменства – а ён пройдзе ўжо 31-ы раз – аб'яднаў 26 гарадоў краіны. Сярод іх ёсць і тыя, што прымалі нацыянальны форум двойчы ці тройчы, як самы старажытны горад і калыска дзяржаўнасці Беларусі Полацк. У бягучым годзе сталіцай свята стануць Івацэвічы Брэсцкай вобласці, дзе адбудзецца больш за 70 мерапрыемстваў.

У пісьмовых крыніцах Івацэвічы ўпершыню згадваюцца ў 1519 годзе як маёнтак Юндзілаў, а сама назва паселішча пайшла ад імя яго заснавальніка – Івача. Вядома, што ў 1594-м уладальнікам Івацэвіч стаў магнат Леў Сапега

Пачнуцца мерапрыемствы рэспубліканскай навукова-асветнай экспедыцыяй "Дарога да святынь", якая адправіцца па маршруце Мінск – Святое Поле (Баранавіцкі раён) – Ляхавічы – Пінск – Іванава – Драгічын – Белаазёрск – Івацэвічы. У горадзе разгорнуцца інтэрактыўныя пляцоўкі, свае экспазіцыі прадставяць вядучыя музеі краіны. Фестываль кнігі і прэсы аб'яднае чатыры тэматычныя павільёны: "Сучасная Беларусь", "Беларусь памятае", "Слова пісьменніка" і "Зроблена ў Беларусі". Тут будуць прадстаўлены лепшыя беларускія выданні, якія сталі пераможцамі нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў "Мастацтва кнігі". На пляцоўцы "Слова пісьменніка" пройдуць прэзентацыі, аўтограф-сесіі і творчыя сустрэчы з аўтарамі.

Калі: 31 жніўня – 1 верасня
Дзе: Івацэвічы, Брэсцкая вобласць
Даведацца падрабязней

"Асенні салон"–2024 у Мінску

Разам з надыходам самай маляўнічай пары года ў сталічным Палацы мастацтваў адкрываецца выстава-продаж работ маладых беларускіх мастакоў "Асенні салон з Белгазпрамбанкам", якая праводзіцца з 2015 года. Удзельнікі маштабнага праекта – сучасныя мастакі ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў, аўтары работ, створаных за апошнія тры гады ў любых тэхніках і відах выяўленчага мастацтва. Госці могуць набыць карціны – больш за 90 працэнтаў з іх даступны на Аrtcenter.by, а таксама падтрымаць удзельнікаў, запоўніўшы спецыяльны бланк для галасавання.

Калі: 4 верасня – 13 кастрычніка
Дзе: Палац мастацтва, вул. Казлова, 3, Мінск
Даведацца падрабязней

Дзень горада Гродна: 896 гадоў знакамітаму бастыёну і рэзідэнцыі манархаў

Горад каралёў у XVIII стагоддзі, заходні бастыён краіны насуперак разбуральным войнам захаваў непаўторную забудову. Сваю гісторыю Гародня вядзе з 1128 года, калі ўпершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе як цэнтр удзельнага княства.

Свята ў гонар дня нараджэння горада разгорнецца 7 верасня: гараджан і гасцей чакаюць 11 інтэрактыўных лакацый у гістарычным цэнтры. На плошчы Тызенгаўза адкрыецца арт-фестываль "Гарадскія кветкі", а на плошчы Леніна пройдуць модныя паказы адзення. Упершыню на вуліцы Дзяржынскага будзе створана пано, на якім на працягу дня графіцісты будуць маляваць пейзажы Гродна. З навінак года: у Швейцарскай даліне ў вячэрні час (з 20.00 да 24.00) адбудзецца відовішчнае водна-неонавае шоу.

На пешаходнай вуліцы Савецкай можна будзе атрымаць асалоду ад выступленняў вулічных музыкантаў і перформансаў жывых скульптур, пабываць на фестывалі тэатраў батлейкі, пакаштаваць лепшыя сыры з усёй рэспублікі на XI фестывалі сыру. Вячэрнюю праграму адкрые канцэрт Стаса П'ехі, пасля гэтага неба над Гроднам расквеціць святочны феерверк (22.00). Завершыцца дзень выступленнямі кавер-бэндаў і дыджэяў.

Калі: 7 верасня
Дзе: Гродна

Фестываль навукі-2024 у Мінску

З пачаткам новага навучальнага года буйнейшае навукова-папулярнае мерапрыемства краіны – Фестываль навукі – збірае ў сталічным Батанічным садзе тысячы гасцей. Напрыклад, у мінулым верасні ўдзельнікамі 5-га па ліку форуму сталі больш за 20 тысяч чалавек! Па традыцыі больш за сотню акадэмічных арганізацый, ВНУ і прадпрыемстваў-гігантаў прадставяць найноўшыя распрацоўкі як вопытных, так і маладых даследчыкаў. У рамках фестывалю разгорнуцца тэматычныя пляцоўкі – медыцына, экалогія, космас, робаты, зоны sci-fi, харчовая прамысловасць. Наведвальнікаў чакаюць лекцыі, майстар-класы, квізы, гульні і экспазіцыі, арт-аб'екты і навуковыя шоу.

Калі: 7 верасня, з 11.00 да 19.00
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2в, Мінск

Мінскі паўмарафон-2024

Мінскі паўмарафон, гісторыя якога налічвае больш за 10 гадоў, з'яўляецца самым маштабным спартыўным мерапрыемствам Беларусі, якое аб'ядноўвае як прафесійных спартсменаў, так і аматараў бегу. Дарэчы, у мінулым годзе на старт выйшлі 15 тысяч чалавек з 17 краін свету! Удзельнікі змогуць паспрабаваць сілы ў трох дыстанцыях – 5 км, 10,5 км і 21,097 км. Упершыню праграму дапоўніць Карпаратыўная эстафета (3 х 5 км + 6,097 км), у якой могуць прыняць удзел каманды з чатырох чалавек. Трое з іх павінны пераадолець па 5 км дыстанцыі, чацвёрты – 6,097 км. Абавязковай умовай з'яўляецца наяўнасць у складзе каманды мінімум адной жанчыны. Акрамя таго, адбудзецца Сямейны забег, у якім юныя ўдзельнікі ва ўзросце ад 0 да 12 гадоў пераадолеюць дыстанцыю 1,5 км разам з бацькамі.

Калі: 8 верасня
Дзе: Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама", вул. Кірава, 8, Мінск

Адкрыццё 92-га сезона ў Вялікім тэатры Беларусі: опера "Царская нявеста"

Новы сезон у Вялікім тэатры адкрые шэдэўр Мікалая Рымскага-Корсакава – опера "Царская нявеста". І невыпадкова: у 2024-м спаўняецца 125 гадоў з дня прэм'еры гэтага твора ў лістападзе 1899 года ў Маскве. Ён жа з'яўляецца і адным з першых пастаўленых на мінскай сцэне ў 1933-м. Тады ў партыі Любашы выступала Ларыса Александроўская, а праз пяць гадоў да спектакля звярнулася новая творчая група. Трэцюю пастаноўку ажыццявілі ў 1950-м. Так, за 59 гадоў у спектаклі прынялі ўдзел некалькі пакаленняў бліскучых артыстаў. Гледачы ўбачаць пастаноўку 2015 года ў інтэрпрэтацыі рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ і мастака Аляксандра Касцючэнкі, удастоеных Спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Іх "Царская нявеста" атрымала Нацыянальную тэатральную прэмію, стаўшы лепшым оперным спектаклем 2016 года.

Калі: 8 верасня
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

XXVIII Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" ў Брэсце

Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа"–2024 збярэ 23 калектывы з 9 краін – Азербайджана, Беларусі, Даніі, Казахстана, Польшчы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана. Жанравая палітра вельмі разнастайная – ад камедыі, драмы і меладрамы да эксперыментальных, пластычных і музычных пастановак, а таксама спектаклі тэатра лялек. Большую частку фестывальнай афішы на гэты раз займаюць пастаноўкі па творах класічнай літаратуры. У моўнай палітры – беларуская, руская і мова комі. Адкрыецца 28-ы тэатральны форум спектаклем "Бацькі і дзеці" Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы ад рэжысёра Сяргея Шчадрына.

Калі: 10–15 верасня
Дзе: Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр, Брэсцкі тэатр лялек, Палац культуры прафсаюзаў
Даведацца падрабязней

XI Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" у Гомелі

Міжнародны фестываль "Сожскі карагод" – свята харэаграфіі, культурны брэнд рэгіёна, які ператварыў Гомель у танцавальную сталіцу Беларусі. Атмасфера дружбы, міру і ўзаемаразумення 11-ы раз аб'яднае ў горадзе над Сожам знатакоў харэаграфічнага майстэрства з краін блізкага і далёкага замежжа. У гэтым годзе гомельскі фэст супадае з датай святкавання 882-годдзя горада (14 верасня). Гасцямі цырымоніі адкрыцця стануць заслужаны калектыў Беларусі ансамбль "Белыя росы", дзяржаўны ансамбль "Песняры", народны вакальна-харэаграфічны казацкі ансамбль "Бацька Атаман", Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі, а таксама заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева і група "Аўра".

13 верасня
20.30
– урачыстае адкрыццё ХІ Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" (пл. Паўстання, 1)

14 верасня
з 9.00
– конкурсы сучаснага, эстраднага танца; калектываў цыркавога мастацтва
11.00 – фестывалі нацыянальнай кухні, кветак, вулічнай ежы
11.30 – адкрыццё Дня горада, святочны парад стылізаванай тэхнікі і шэсце ўдзельнікаў фестывалю
20.30 – Фестываль агню
19.30 – вячэрняе шоу пры ўдзеле зорак беларускай і расійскай эстрады

Калі: 9–15 верасня
Дзе: Гомель, стадыён "Цэнтральны", Гомельскі абласны грамадска-культурны цэнтр, Гарадскі цэнтр культуры
Даведацца падрабязней

957 гадоў Мінску: вялікае свята галоўнага горада краіны

У другія выхадныя верасня беларуская сталіца – Мінск – грандыёзным святам адзначыць 957-годдзе з дня свайго першага летапіснага згадвання. Паводле старажытнай "Аповесці мінулых гадоў", 3 сакавіка 1067 года адбылася легендарная бітва на рацэ Нямізе ў Менску паміж войскамі полацкага князя Усяслава Чарадзея і дынастыі Яраславічаў.

У жніўні гэтага года ў ходзе археалагічных даследаванняў на рацэ Менцы вучоныя выявілі ўнікальныя знаходкі, што дазваляюць паставіць пад сумненне ранейшую дату, – вал вялікага гарадзішча і шэраг дрэва-земляных умацаванняў, якія сведчаць аб тым, што ў 990-я тут быў даволі буйны, развіты горад, які меў магутныя ўмацаванні.

Сталіца адзначыць дзень нараджэння ў новым фармаце: святочную праграму падзеляць на блокі і лакацыі, сярод якіх – пляцоўка для сямейнага адпачынку, маладзёжная – з выступленнямі папулярных выканаўцаў і дыджэяў, спартыўная, гістарычная. Упершыню асноўныя гулянні не будуць сканцэнтраваны на пляцоўцы каля Палаца спорту.

Калі: 14 верасня
Дзе: Мінск, культурныя, спартыўныя і забаўляльныя пляцоўкі горада

Свята "Яблычны фэст у Доцішках"

Доцішкі славяцца сваімі яблыкамі, бо тут знаходзіцца вялікі сад, які распасціраецца на некалькі дзясяткаў гектараў. Адкрыецца свята касцюміраваным шэсцем на чале з гаспадыняй – шчодрай Яблыняй з наліўнымі яблыкамі. Таксама на цырымоніі будуць ушаноўваць лепшых садаводаў. Кампазіцыі з яблыкаў стануць намінантамі конкурсу "Яблычны цуд". Госці пакаштуюць мясцовыя сарты яблыкаў, дэсерты з гэтага вітаміннага фрукта, навучацца ў майстрых аграгарадка ствараць кандытарскія вырабы і выпечку з яблыкамі, а таксама павязуць на памяць арыгінальны яблычны рэцэпт з выстаўкі "Гатуем смачна".

Калі: 15 верасня
Дзе: аг. Доцішкі, Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць

III Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва

Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва, заснаваны ў 2017 годзе, збярэ ў беларускай сталіцы артыстаў з 19 краін, сярод якіх Аўстралія, Аргенціна, Італія, Эфіопія, Расія, Беларусь, Малдова, Калумбія, Ізраіль, Фінляндыя, Таджыкістан, Кыргызстан, Партугалія, Венгрыя, КНДР, Азербайджан, Казахстан, Узбекістан, Грузія. У якасці журы і ганаровых гасцей запрошаны вядомыя прадзюсары, рэжысёры і дырэктары цыркаў. Выступленні артыстаў адбудуцца ў праграмах "А" і "Б", пасля чаго экспертнае журы вызначыць удзельнікаў гала-канцэрта. Па выніках конкурснай праграмы пераможцаў фестывалю–2024 чакаюць галоўныя ўзнагароды – Гран-пры, дзве залатыя, дзве сярэбраныя, дзве бронзавыя і, вядома, адна з самых дарагіх – прыз глядацкіх сімпатый.

Калі: 19–22 верасня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

II рэгіянальнае свята "Вераснёўскі фэст. Палац у Жылічах"

З надыходам маляўнічай восені для гасцей свята адкрывае залы адроджаны помнік архітэктуры эпохі класіцызму XVIII–XIX стагоддзяў – палац, які належаў дваранскаму роду Булгакаў. У нашы дні яго нярэдка называюць "другім Нясвіжам" і нават "беларускім Версалем". Арганізатары рыхтуюць насычаную праграму, адметнасцю якой абяцае стаць раскошны баль у Палацы. На працягу ўсяго дня будуць працаваць падворкі, тэматычныя пляцоўкі майстроў народнай творчасці, музейныя экспазіцыі, разгорнуцца майстар-класы, пленэр мастакоў, гістарычны квест і іншыя мерапрыемствы.

Калі: 21 верасня
Дзе: Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, аг. Жылічы, Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць

XXVII Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка"

Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка"–2024 аб'яднае майстроў з такіх краін, як Чэхія, Аўстралія, Бельгія, Індыя, Узбекістан, Рэспубліка Карэя, Японія, Канада, Малайзія, Швейцарыя. Упершыню ў конкурсах фестывалю прымуць удзел В'етнам і Трынідад і Табага. Традыцыйна ў праграме – конкурсы анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай творчасці, дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У конкурс анімацыйных фільмаў упершыню дабаўлена намінацыя "Лепшы анімацыйны серыял". Усяго на магілёўскі фестываль заяўлена 317 фільмаў з 47 краін. З іх у конкурсе анімацыйных фільмаў – 248 карцін, а ў конкурсе дзіцячай анімацыйнай творчасці – 69.

Калі: 25–27 верасня
Дзе: Магілёў, Магілёўская вобласць
Даведацца падрабязней

Экалагічны фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю"–2024

Правесці асенні ўік-энд у знакамітым заказніку "Ельня" і акунуцца ў атмасферу беларускіх народных традыцый запрашае фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю". Менавіта тут, на адным з буйнейшых верхавых балот Еўропы, збіраюць самыя вялікія ў краіне ўраджаі журавін, а таксама сустракаюць вялізныя чароды шэрых жураўлёў (больш за 4 тысячы птушак!), якія спыняюцца на Ельні ў дні асенняй міграцыі. Акрамя таго, на Ельню прылятаюць і дзясяткі тысяч гусей розных відаў. Госці фестывалю змогуць паназіраць за птушкамі на тэрыторыі заказніка, выбраць лепшую сядзібу краю ў намінацыі "Багацце Ельні на нашым падвор'і", набыць сувеніры мясцовых майстроў, паласавацца журавінавым морсам і ласункамі з журавін і нават выбраць "Міёрскую журавінку".

Калі: 28 верасня
Дзе: рэспубліканскі заказнік "Ельня", Віцебская вобласць

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі