Да 75-годдзя з дня нараджэння знакамітага паэта, барда, акцёра тэатра і кіно Уладзіміра Высоцкага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася кніжна-ілюстрацыйная выстаўка "Уладзімір Высоцкі. Дзякуй!". Экспазіцыя расказвае аб жыцці і творчасці куміра пакаленняў, а таксама беларускіх старонках у біяграфіі Высоцкага, якія для многіх наведвальнікаў выстаўкі стануць адкрыццём. Напрыклад, беларускія карані роду Высоцкіх, цікавыя гісторыі з гастроляў і здымак у Беларусі. На кінастудыі "Беларусьфільм" выйшла сем карцін з удзелам Уладзіміра Высоцкага. У самай знакамітай - "Я родам з дзяцінства", дзе акцёр сыграў сваю дзясятую кінаролю, упершыню прагучалі яго аўтарскія песні...
Калі: 25 студзеня - 9 ліпеня
Дзе: Мінск, Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Слуцкія паясы – сусветна вядомая рэліквія беларускага народа. Шэдэўры ткацтва ствараліся ў ХVIII - XIX стагоддзях на мануфактурах, самай вядомай з якіх была Слуцкая, што прыналежыла князям Радзівілам. Паясы з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак ткалі ўручную па вельмі складанай тэхналогіі. З даўніх часоў яны былі атрыбутам мужчынскага касцюма, сімвалам улады і багацця ўладальніка. На выстаўцы прадстаўлены 4 паясы канца XVIII – пачатку XIX стагоддзяў са збору Львоўскага гістарычнага музея, а таксама партрэты прадстаўнікоў беларускай шляхты XVIII-XIX стагоддзяў.
Калі: 8 мая 2013 – 18 красавіка 2014
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей
Незвычайная мастацкая галерэя адкрылася ў Мінску на агароджы ўздоўж Парку Чалюскінцаў. Экстравагантны беларускі мастак Андрэй Смаляк і яго жонка Вольга прадставілі публіцы праект "Ажыўшыя карціны", які аб'яднаў стваральніка і выдатных асоб сферы культуры і спорту, бізнесу і палітыкі. З дапамогай каманды прафесіяналаў - дызайнераў, мастакоў па касцюмах, грымёраў, дэкаратараў, фотамастакоў - карціны Андрэя Смаляка ажылі ў фотавобразах з вядомымі беларускімі персонамі. У ролі герояў палотнаў мастака выступілі Максім Мірны, Дар'я Домрачава, Анжаліка Агурбаш, Анатоль Ярмоленка, рэжысёр Андрэй Курэйчык, беларускія зоркі дзіцячага "Еўрабачання"... Сярод будучых удзельнікаў праекта Андрэя Смаляка - актрыса Моніка Белучы, супермадэль свету Кацярына Даманькова, зоркі вялікага спорту.
Калі: 26 мая - лістапад 2013 года
Дзе: Мінск, Парк Чалюскінцаў
Праект "Мастак і горад" запрашае гасцей і жыхароў беларускай сталіцы дакрануцца да спадчыны вялікіх майстроў, жыццё і творчасць якіх цесна звязана з нашай краінай. У 1919 годзе аўтар "Чорнага квадрата" пераехаў жыць у Віцебск, дзе кіраваў майстэрняй у мастацкай школе Марка Шагала. А ў 1922 годзе там жа Малевіч скончыў работу над сваёй галоўнай тэарэтычнай працай - "Супрэматызм. Свет як беспрадметнасць або вечны спакой"... Экспазіцыя з 18 работ вялікага авангардыста пад адкрытым небам прапануе ў простай атмасферы паразважаць над творчасцю Малевіча. Рэпрадукцыі будуць суправаджацца апісаннем на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Калі: 6 чэрвеня - 20 верасня
Дзе: Мінск, плошча Якуба Коласа
Даведацца больш падрабязна
Наведвальнікі выстаўкі азнаёмяцца з унікальным зборам са 130 помнікаў гісторыі, культуры і мастацтва Маскоўскага гістарычнага музея, створаных з выкарыстаннем золата. Здаўна святло жоўтага металу асацыіравалася з сонечным цяплом і, вядома, багаццем. У калекцыі мастацкіх твораў XIV - ХХ стагоддзяў, акрамя рарытэтных выданняў богаслужэбных кніг і царкоўнага начыння, асаблівую цікавасць маюць галаўныя ўборы, хусткі жыхарак цэнтральных губерняў Расіі, аздобленыя залатой вышыўкай.
Калі: 8 чэрвеня - 14 верасня
Дзе: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей
Экспазіцыя ўяўляе сабой унікальны збор партрэтаў дзеячаў аднаго з самых значных у станаўленні беларускага народа перыядаў – эпохі Вялікага Княства Літоўскага. На працягу некалькіх месяцаў у Мінску можна ўбачыць карціны, якія знаходзяцца ў калекцыі буйнейшых культурных скарбніц украінскага Львова: Гістарычнага музея і Нацыянальнай галерэі мастацтваў, а таксама Валынскага краязнаўчага музея. Значная частка партрэтаў звязана не толькі з дзяржаўнымі справамі кіраўнікоў і магнатаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай у XIV–XVIII стагоддзях, але і з падзеямі іх асабістага жыцця. Асаблівую цікавасць уяўляюць партрэты знатных дам і прыгажунь Вялікага Княства Літоўскага: Барбары Радзівіл, Элеаноры Марыі Аўстрыйскай, жонкі караля Яна III Марыі Казіміры Сабескай...
Калі: 8 мая - 26 жніўня
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
Новы аўтарскі праект Беларускага дзяржаўнага цырка прадстаўляе яркае шоу з вялікай колькасцю складаных і па-сапраўднаму экстрэмальных нумароў. Адметнай асаблівасцю сезона стала сумесная работа на цыркавой арэне жывёл і маленькіх дзяцей. На працягу паўтара месяца сваім майстэрствам публіку здзіўляюць артысты сусветнага і беларускага цырка. Гвозд міжнароднай праграмы – атракцыён Крысціяна Гертнера (Германія) "Дрэсіраваныя сланы": увазе гледачоў нават прапануюць вельмі небяспечны трук, у час якога слон кладзецца на чалавека. Дапаўняюць шоу інтрыгуючы атракцыён Крысціяна і Алекса Гертнераў "Кола смеласці", прэм'ера дрэсіроўшчыка Штэфана Плешаяну, які ў сваім нумары "Экзотыка" сабраў розных па характары жывёл – вярблюдаў, лам, зебр і аслоў...
Калі: 1 чэрвеня - 20 ліпеня
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны цырк
Народны мастак СССР акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў Аляксандр Шылаў ужо даўно стаў выдатнай з'явай сусветнага мастацтва. Прадстаўнік класічнага рэалізму, ён шырока вядомы сваімі партрэтамі, у якіх адлюстравана духоўнае жыццё Расіі канца XX - пачатку XXI стагоддзяў. У галерэі работ Шылава можна ўбачыць і партрэты простых людзей з народа, і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, дзеячаў культуры і духавенства, герояў Вялікай Айчыннай вайны, надзвычай тонкія і пранізлівыя жаночыя вобразы. У Мінску знакаміты мастак прадставіў больш за 40 работ, як ужо добра вядомых, так і зусім новых. Перад адкрыццём выстаўкі Аляксандр Шылаў расказаў, што марыць напісаць беларускага салдата, які прайшоў Вялікую Айчынную, "на твары якога была б адлюстравана ўся вайна". Акрамя таго, майстар прызнаўся, што спадзяецца напісаць партрэты прэзідэнтаў Беларусі і Расіі.
Калі: 13 чэрвеня - 20 ліпеня
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
Мерапрыемствы, прысвечаныя галоўнаму дзяржаўнаму святу краіны, пачнуцца ўжо 1 ліпеня. У гэты дзень у сталічным Палацы Рэспублікі пройдуць урачысты сход і канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі. 2 ліпеня ў Мінску адбудзецца цырымонія ўскладання вянкоў да манумента Перамогі з удзелам Прэзідэнта, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і грамадскіх аб'яднанняў, міжнародных арганізацый і дыпламатычнага корпуса, праваслаўнай і каталіцкай канфесій. А ўвечары ў Мінску ўрачыста адкрыецца плошча Дзяржаўнага сцяга. 3 ліпеня на сталічным праспекце Пераможцаў пройдзе традыцыйны грандыёзны парад у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У гэтым годзе запланаваны пашыраны ўдзел рэтратэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гледачы ўбачаць танкі БТ-7, упершыню будуць прадэманстраваны танкі ІС-2 і ІС-3. Святочныя шэсці, канцэрты, спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы, выстаўкі і кірмашы, народныя гулянні 3 ліпеня разгорнуцца па ўсёй краіне. Завершыцца марафон грандыёзным салютам і акцыяй "Спяваем гімн разам", калі тысячы беларусаў збяруцца на плошчах гарадоў краіны, каб разам выканаць Дзяржаўны гімн.
Калі: 1-3 ліпеня
Дзе: плошчы, праспекты, канцэртныя пляцоўкі, паркі і скверы Мінска і іншых гарадоў Беларусі
"Мост" – цікавая па сваім фармаце і грандыёзная па маштабах музычная падзея Беларусі: наведвальнікі будуць мець магчымасць не толькі паслухаць добрую музыку, але і правесці час з сям'ёй або кампаніяй сяброў на свежым паветры ў кемпінгу. Госці свята пачуюць айчынных і замежных выканаўцаў розных стыляў - ад акустычнай музыкі да рок-н-рола. Прыемным сюрпрызам для меламанаў стане выступленне спявачкі Земфіры, брытанскай групы Bullet For My Valentine, рок-групы Lumen, Hurts, якая прэзентуе беларускім слухачам новы альбом. Двухдзённая праграма фестывалю пройдзе на некалькіх пляцоўках.
2 ліпеня - Velcom Stage: Петля Пристрастия, J-МОРС, HURTS, Sprite Drive Stage: The Toobes, Lumen.
3 ліпеня - Velcom Stage: Akute, Yellow Brick Road, Земфіра, Sprite Drive Stage: Louna, Слот, Bullet For My Valentine, "Дай Дарогу".
Калі: 2-3 ліпеня
Дзе: Мінск, аэрадром "Баравая"
Унікальны для Беларусі праект, галоўная ідэя якога - упісаць мастацтва ў знаёмы пейзаж, пабудаваць дыялог паміж жывапісам і гараджанамі. На працягу некалькіх месяцаў на агароджах Мінска, Віцебска, Гомеля, а таксама польскай Варшавы экспанаваліся рэпрадукцыі карцін сучасных беларускіх мастакоў. У Магілёве, які ў 2013 годзе з'яўляецца культурнай сталіцай СНД і Беларусі, свае палотны прадстаўляюць публіцы нязменныя ўдзельнікі праекта Руслан Вашкевіч, Сяргей Каваль, Уладзіслаў Стальмахоў, Віктар Альшэўскі, а таксама вядомы магілёўскі мастак Юрый Несцярук, які стаў пераможцам праведзенага напярэдадні арт-конкурсу Zabor.
Калі: ліпень
Дзе: Магілёў
У гэтым годзе ў Беларусі адзначаюць 400-годдзе з'яўлення аднаго абраза Маці Божай Будслаўскай, які вельмі шануецца каталікамі і славіцца шматлікімі цудамі. Яна створана невядомым мастаком у 1649 годзе і да гэтага часу знаходзіцца ў касцёле Ушэсця Маці Божай у вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна. 5-6 ліпеня тут чакаюць да 45 тысяч паломнікаў з розных куткоў Беларусі і свету (з іх 2,5-4 тысячы пешых). Удзел ва ўрачыстасцях прымуць каталіцкія біскупы Польшчы, Украіны, Румыніі, Італіі. З нагоды вялікага юбілею ў Беларусь прыбудзе старшыня Папскага савета па міжрэлігійнаму дыялогу кардынал Жан-Луі Таран, якога Папа Рымскі Францыск выбраў у якасці спецыяльнага пасланніка пантыфіка. Ён не толькі ўзначаліць службу ў Будславе 6 ліпеня, але і адслужыць імшу ў архікафедральным касцёле Мінска 7 ліпеня. Сімвалічна, што ў гэты ж час на беларускую зямлю прыбудзе рэлікварый з астанкамі каталіцкай святой з Францыі - Тэрэзы Малой. Таксама ў гонар юбілею з'яўлення абраза Маці Божай Будслаўскай на Беларусі выпушчаны памятная манета і паштовая марка.
Калі: 5-6 ліпеня
Дзе: Будслаў, Мядзельскі раён
7 ліпеня - Мінскі архікафедральны касцёл імя Найсвяцейшай Панны Марыі
Даведацца больш падрабязна
У гонар старадаўняга беларускага свята Купалля ў Александрыі ўжо чацвёрты раз пройдзе фестываль, які збірае тысячы гасцей з Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін. Спрадвеку Днепр быў важнай суднаходнай артэрыяй Беларусі, часткай шляху "з варагаў у грэкі", а вёскі Александрыя, Копысь і горад Шклоў - месцамі правядзення кірмашоў і народных свят. Гэту традыцыю прадаўжаюць і сёння. Купальскія гулянні пройдуць у маляўнічай мясціне на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты - Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці - Магілёўскую і Віцебскую. Гасцей свята "Александрыя збірае сяброў" чакае насычаная культурная праграма: выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, "Александрыйскі кірмаш" народных промыслаў і рамёстваў, майстар-класы ўдзельнікаў міжнароднага пленэра па кераміцы "Арт-Жыжаль", выстаўка "Археалагічныя знаходкі Верхняга Падняпроўя", экскурсіі на цеплаходзе з Магілёва. Упершыню на свяце пройдуць фестывалі піва, квасу і беларускага лёну. Самая яркая падзея вечара - канцэрт зорак беларускай і расійскай эстрады "Александрыя збірае сяброў", які збярэ каля 2 тысяч артыстаў. Хэдлайнерам начнога шоу стане Вера Брэжнева. Завершыцца свята феерверкам: спачатку запаляцца рымскія свечкі, а затым пад музычнае суправаджэнне неба расквеціць салют.
Калі: 6-7 ліпеня
Дзе: Александрыя, Шклоўскі раён
Даведацца больш падрабязна
Street Workout - унікальны ў пэўным сэнсе рух, які аб'ядноўвае маладых людзей, што займаюцца вулічным спортам на турніках і брусах. У рамках незвычайнага тура, які праходзіць у розных гарадах Беларусі, спартсмены паказваюць свае дасягненні ў сілавых практыкаваннях, праводзяць шоу-выступленні, лекцыі па асновах здаровага ладу жыцця, конкурсы. А 28 ліпеня ў Мінску пройдзе II Рэспубліканскі фестываль "Street Workout", які абяцае стаць запамінальным летнім шоу.
Калі: 6-28 ліпеня
Дзе: Баранавічы, Вілейка, Гродна, Віцебск, Мінск
Грандыёзны фестываль пройдзе пад знакам 25-годдзя Летняга амфітэатра – галоўнай сцэнічнай пляцоўкі форуму. У праграме захаваны традыцыйныя мерапрыемствы і заснаваны новыя. Самымі відовішчнымі абяцаюць быць: Урачыстае адкрыццё (11 ліпеня) і закрыццё (15 ліпеня), "Канцэрт дружбы. Саюзная дзяржава запрашае..." (12 ліпеня), Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2013" (13-14 ліпеня), канцэрт "Прывітанне з Сан-Рэма" (13 ліпеня). Таксама ў горадзе Шагала 13 ліпеня пройдуць шматлікія мерапрыемствы ў гонар Дня моладзі. Гэта патрыятычная акцыя "Мы памятаем і ганарымся!", Фестываль і парад маладзёжных субкультур "БелаРусь у сэрцы маім!", Міжнародны маладзёжны фестываль "Агонь танца-2013" і вячэрняя праграма ў стылі рок.
Калі: 11-17 ліпеня
Дзе: Віцебск
Фестываль аб'яднае рыцарскія турніры і спаборніцтвы, выступленні выканаўцаў сярэдневяковай музыкі і танцаў, прыгожыя цырыманіялы часоў рыцараў і дам. У свяце прымуць удзел клубы гістарычнай рэканструкцыі, этнаграфічныя і фальклорныя калектывы, рамеснікі з Беларусі і Расіі, якія пазнаёмяць ўсіх жадаючых з таямніцамі эпохі Сярэдневякоўя. На фестывалі можна будзе прымераць латы, павучыцца страляць з лука, атрымаць асалоду ад начной праграмы фолк-калектываў, фаер-шоу і феерверку, паўдзельнічаць у танцавальным марафоне.
Калі: 13 ліпеня
Дзе: г.Мсціслаў, Магілёўская вобласць
Беларускае Заслаўе было заснавана хрысціцелем Русі князем Уладзімірам і служыла прыстанішчам для Рагнеды – адной з першых манашак на ўсходнеславянскіх землях. Таму сімвалічна, што ў горадзе з такой багатай старажытнай гісторыяй пройдзе святкаванне 1025-годдзя Хрышчэння Русі. Адно з галоўных мерапрыемстваў свята – маладзёжны фестываль, які аб'яднае вернікаў брацкіх дзяржаў: Беларусі, Расіі і Украіны. У праграме – хрэсны ход з Мінска ў Заслаўе, літургія пад адкрытым небам і канцэрт духоўнай музыкі.
Калі: 13-14 ліпеня
Дзе: Заслаўе, Мінская вобласць
Першыя вішнёвыя сады ў Беларусі разбіў уладальнік сядзібы ў наваколлі гарадка Глыбокае селекцыянер Баляслаў Лапыр, які прывозіў маладыя саджанцы з іншых краін і выводзіў беларускія зімаўстойлівыя сарты. Паступова салодкая ягада перабралася на прыватныя падворкі Віцебшчыны, распаўсюдзілася па ўсёй краіне. Нядаўна ў "вішнёвай сталіцы" Беларусі вырашылі адрадзіць былую славу Глыбокага, і ў ліпені 2013 года тут упершыню пройдзе Вішнёвы фестываль, які стане штогадовым. У гонар падзеі яшчэ вясной жыхары высадзілі ў ваколіцы Глыбокага вялікі сад з 1414 маладых дрэў – па даце першага згадвання горада ў летапісах, упрыгожылі вішнямі вуліцы і двары. І ўжо ў ліпені госці ацэняць смак глыбоцкіх ягад. На першым Вішнёвым фестывалі можна будзе ўбачыць вішнёвае шэсце і кулінарнае шоу, выбраць вішнёвую прынцэсу, наведаць міжнародны вішнёвы кірмаш, паўдзельнічаць у шматлікіх "вішнёвых" спаборніцтвах: песні, фота, конкурсе цырульнікаў "Вішнёвая прычоска".
Калі: 21-27 ліпеня
Дзе: г. Глыбокае, Віцебская вобласць
Свята здаровага ладу жыцця збярэ каманды аматараў актыўнага адпачынку з Латвіі, Літвы, Расіі і Беларусі. Удзельнікам трэба будзе памерацца сіламі ў пяці відах спаборніцтваў: спартыўным арыентаванні, квадратлоне, пляжным валейболе, перацягванні каната і гумарыстычнай турпаласе. Акрамя конкурсаў на візітку каманды, турысцкага быту і кулінараў, пройдзе інтрыгуючае спаборніцтва лепшых касцоў.
Калі: 20-21 ліпеня
Дзе: урочышча "Прошкава", Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць
Дэвіз "Юшкі і песень хопіць усім" збярэ ў Беларусі аматараў рыбалкі і бардаўскай музыкі з розных краін. У праграме – конкурс аўтарскай песні па прынцыпу Гамбургскага ліку (удзельнікі самі выбіраюць пераможцаў), рыбалоўны турнір, трэці адкрыты чэмпіянат Беларусі па гатаванню рыбнай поліўкі "Чыгірынская юшка", канцэрты аўтарскай песні, інструментальнай музыкі і класічнай гітары. На фестывалі збіраюцца ўстанавіць новы рэкорд для кнігі Гінеса – прыгатаваць 3500 літраў юшкі. Гэта дасягненне павінна пабіць рэкорд - 3000 літраў, устаноўлены ў расійскай вёсцы Усце.
Калі: 25-28 ліпеня
Дзе: вёска Грудзічына, Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць
Даведацца больш падрабязна
Незвычайны чэмпіянат у навакольнай мясцовасці каля возера Белае Полацкага раёна – сапраўднае свята для аматараў чарніц, у якім можа прыняць удзел любы жадаючы. Асноўнае патрабаванне спаборніцтва – як мага хутчэй сабраць лясную ягаду. У праграме свята яшчэ шмат забаў на свежым паветры: конкурсы, латарэі, віктарыны з прызамі, а таксама кірмаш, дзе можна пакаштаваць смачныя ягадныя ласункі і хатнія нарыхтоўкі, гарбату з мясцовых траў, настойкі з экстрактамі дароў лесу.
Калі: 27 ліпеня
Дзе: вёска Азіна, Полацкі раён, Віцебская вобласць
Марафон дружбы стане адной з самых цікавых падзей лета для жыхароў і гасцей прыгранічных гарадоў Беларусі і Літвы – Гродна і Друскінінкая. Трэці год запар на бегавой дарожцы сустрэнуцца спартсмены і аматары з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны. За права называцца пераможцам марафонцы пераадолеюць адлегласць 42 км 195 м ад Стэлы Алімпійскай Славы ў Гродне да цэнтральнай плошчы курортнага Друскінінкая. У дзень марафону ў гэтых гарадах пройдуць святочныя мерапрыемствы. Жадаючыя прыняць удзел павінны загадзя зарэгістравацца на афіцыйным інтэрнэт-сайце Міжнароднага марафону Дружбы.
Калі: 28 ліпеня
Дзе: Гродна (Беларусь) - Друскінінкай (Літва)
Легендарная група Depeche Mode, якая адзначае ў гэтым годзе 30-годдзе, упершыню наведае Мінск у рамках гастрольнага тура па Еўропе. За ўсю творчую дзейнасць музыканты выпусцілі 12 альбомаў і прадалі больш за 100 мільёнаў дыскаў па ўсім свеце. Аднак новы альбом, які Depeche Mode прэзентуе на сцэне беларускай сталіцы, паводле слоў саміх удзельнікаў, створаны пад уплывам блюзу і з'яўляецца лепшым з усяго, што яны калі-небудзь рабілі.
Калі: 29 ліпеня
Дзе: Мінск, МКСК "Мінск-Арэна"
Беларуская сталіца папоўніць спіс славянскіх гарадоў, у якіх пройдуць святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 1025-годдзю Хрышчэння Русі. У Мінску 29 ліпеня можна будзе ўбачыць святочную літургію пад адкрытым небам у раёне вуліцы Няміга. Спецыяльна для гэтай урачыстай падзеі з Масквы прыедзе Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, а таксама кіраўнікі памесных праваслаўных цэркваў. Плануецца, што ў свяце прымуць удзел больш за 10 тысяч чалавек.
Калі: 29-30 ліпеня
Дзе: Мінск, вуліца Няміга
Даведацца больш падрабязна
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|