Міжнародная выстава "Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока"
На працягу ўжо некалькіх гадоў мінчане і госці сталіцы знаёмяцца з выдатнымі мясцінамі Беларусі, якія ведаюць ва ўсім свеце. унікальнасць якіх прызнаецца ва ўсім свеце. У гэтым годзе галерэя пад адкрытым небам аб'яднала больш як 100 рэпрадукцый з адлюстраваннем помнікаў архітэктурнай спадчыны, сярод якіх гарадскія ратушы, сядзібы і палацава-паркавыя комплексы, праваслаўныя і каталіцкія храмы, адроджаныя за апошнія дзесяцігоддзі ў розных рэгіёнах краіны. Аўтары арт-праекта – вядомыя фатографы, журналісты, лаўрэаты прэміі "За духоўнае адраджэнне" (2005) Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч, якія ў 2004 годзе выпусцілі фотаальбом "Спадчына Беларусі", што стаў сапраўдным хітом продажаў у гісторыі нацыянальнага кнігавыдання: з 2004 па 2014 год прададзена больш як 42 тысячы экзэмпляраў.
Калі: з 21 мая 2016 года
Дзе: Мінск, парк імя Чалюскінцаў
Інтэрактыўная выстаўка "Час цудаў. Зімовыя святы і забавы" ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі запрашае зрабіць навагодняе падарожжа ў прасторы і часе: сустрэць прыход зімы, прыняць удзел у калядных гуляннях, варажбе, а таксама адзначыць, бадай, самае каларытнае свята старажытнаславянскага календара – Масленіцу. У рамках экскурсіі можна пабываць у сялянскай хаце, доме гараджаніна канца XIX – пачатку ХХ стагоддзяў, а таксама ў савецкай кватэры з традыцыйным наборам навагодніх атрыбутаў – шампанскім, Дзедам Марозам пад ёлкай і "Блакітным агеньчыкам". Акрамя таго, наведвальнікі змогуць паспрабаваць сябе ў ролі батлеечніка і паказаць калядны спектакль, азнаёміцца са старадаўнімі рэцэптамі беларускай кухні, а таксама зрабіць памятнае фота на санях і ўнутры навагодняга шара.
Калі: 11 лістапада 2016 – 28 лютага 2017
Дзе: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі
На завяршэнне Года культуры міжнародны арт-праект, які традыцыйна праводзіцца пад эгідай ЮНЕСКА, сабраў у Мінску лепшыя работы 30 сучасных мастакоў з 28 еўрапейскіх краін – ад Лісабона да Уладзівастока – і прадставіў найноўшыя тэндэнцыі выяўленчага мастацтва Еўразійскага кантынента. У маштабнай экспазіцыі прадстаўлена каля 80 карцін, зусім розных па стылявых напрамках, тэматыцы і нават часе стварэння. Сімвалічна, што выстава еўрапейскага жывапісу праходзіць менавіта ў сталіцы Беларусі, якая са старажытных часоў лічыцца цэнтрам дыялогу розных народаў і культур. Асноўная задача – падкрэсліць аб'яднальную сілу мастацтва насуперак палітычным і сацыяльным супярэчнасцям у сучасным свеце.
Калі: 21 снежня 2016 – 5 лютага 2017 года
Дзе: Мінск, Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага
Даведацца падрабязней
Пасля гучнага поспеху тэатральных праектаў на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра "Блакітная камея" і "Дуброўскі", а таксама нядаўняга мюзікла-комікса "Казанова" – знакаміты кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Кім Брэйтбург прадставіць у Мінску прэм'еру мюзікла "Джэйн Эйр" па матывах сусветна вядомага рамана англійскай пісьменніцы Шарлоты Бронтэ. Кранальная гісторыя, пастаўленая на лібрэта паэта Карэна Кавалерана, расказвае пра няпросты лёс дзяўчыны-сіраты, якая, нягледзячы на нягоды, знайшла шчасце побач са сваім каханым – сэрам Эдвардам Рочэстэрам. Гледачоў чакае відовішчны, дынамічны спектакль з рамантычным сюжэтам і музычнымі і танцавальнымі нумарамі, якія паставіла жонка маэстра – вядомы харэограф Валерыя Брэйтбург.
Калі: 3, 10 і 22 лютага
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр
Новая праграма "Шоу гіганцкіх фантанаў. Дзіўны горад" адкрывае цыркавы сезон-2017 і запрашае атрымаць асалоду ад хараства больш як 600 маляўнічых фантанаў з лазернай інсталяцыяй, што ўздымаюцца з самага сэрца манежа на вышыню 18 м, а таксама захапляючымі нумарамі сусветных зорак. Прэм’ера адзінага ў свеце гастралюючага цырка са спяваючымі фантанамі адбылася ў Мінску яшчэ ў 2015 годзе і сваёй неардынарнасцю заваявала сімпатыі нават самых патрабавальных гледачоў. У гэтай праграме выступяць эквілібрысты на штэйн-трапе, паветраныя канатаходцы, акрабаты на батуце, гімнасты на рамянях, жанглёры, а таксама дрэсіраваныя мядзведзі, малпачкі, каты і, вядома, клоўнскі дуэт "Долі і Даміно" ў выкананні выдатных майстроў – заслужаных артыстаў Расіі Лады і Аляксандра Сарнацкіх.
Калі: 4 лютага – 31 сакавіка
Дзе: Мінск, Белдзяржцырк
Вялікі фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі благавест", які ў мінулым годзе адзначыў 15-гадовы юбілей, зноў збярэ ў Гродне царкоўныя і свецкія – дарослыя і дзіцячыя – калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Малдовы, Румыніі… Напярэдадні форуму пройдуць конкурсныя праслухоўванні, у якіх прымуць удзел прадстаўнікі царкоўна-прыходскіх харавых калектываў з розных рэгіёнаў краіны: лепшыя атрымаюць права выступіць у заключным туры фестывалю. Акрамя конкурсных выступленняў у праграме свята духоўнай музыкі – мастацкая выстава “Прыгажосць Божага свету”, тэматычная экспазіцыя ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі, канцэрты харавых калектываў, вечары духоўнай паэзіі і аўтарскай музыкі, а таксама прагляд і абмеркаванне фільмаў праваслаўнай тэматыкі ў гарадскіх кінатэатрах.
Калі: 6 – 11 лютага
Дзе: Гродна, Гродзенскі абласны драматычны тэатр, Свята-Пакроўскі кафедральны сабор
Легенда джаза і рытм-н-блюза, намінант прэміі "Грэмі", амерыканскі спявак і гітарыст Майк Расэл упершыню выступіць у Мінску са сваёй новай праграмай "Блюз сустракае Джаз – Джаз сустракае Блюз" сумесна з расійскім калектывам "Масква джаз-трыа" на чале з вядомым саксафаністам Даніілам Нікіціным. Фірменны стыль Майка Расэла, якога лічаць адным з самых яркіх паслядоўнікаў Джорджа Бенсана і Бі Бі Кінга, – моцны вакал, віртуознае валоданне гітарай і арыгінальная манера выканання, а таксама неверагодны па энергетыцы сплаў адразу некалькіх напрамкаў сучаснага джаза: ад свінга да джаз-рока і smooth-джаза, ад фанка да рытм-н-блюза… Цяпер майстар гастралюе па ЗША і Еўропе, а яго новы праект – група Black Heritage – уваходзіць у топ-10 вядучых еўрапейскіх чартаў. Беларускіх паклоннікаў чакае яркі вечар, у якім прагучаць лепшыя кампазіцыі зоркі сусветнага джаза.
Калі, дзе:
7 лютага – Мінск, Палац Прафсаюзаў
8 лютага – Мінск, Палац Рэспублікі, Джаз-клуб Яўгена Уладзімірава
Буйнейшы кніжны форум Беларусі і СНД збярэ ў Мінску вядучых выдаўцоў, паліграфістаў і распаўсюджвальнікаў літаратуры з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Польшчы, Літвы, Германіі, Італіі, Швейцарыі, Францыі, Швецыі, Ірана, Палесціны, Сірыі, Турцыі, Фінляндыі, Кітая, ЗША, Карэі, Эквадора, Кубы. Пачэсным госцем выстаўкі-2017 стане Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, а ўпершыню сваю экспазіцыю прадставіць Грэцыя. Галоўныя тэмы форуму – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і юбілеі беларускіх класікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы. У рамках праграмы адбудуцца 3-і Міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час", а таксама семінар маладых літаратараў і – упершыню – узнагароджванне пераможцаў конкурсу маладых літаратараў "Першацвет".
Калі: 8 – 12 лютага
Дзе: Мінск, Адміністрацыйны комплекс, праспект Пераможцаў, 14
Папулярны музычны праект кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі – народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга – з’яўляецца галоўнай джазавай падзеяй года ў краіне і штогод прыцягвае ў беларускую сталіцу знакамітых музыкантаў і выканаўцаў з усяго свету. За больш як два дзясяткі гадоў унікальны біг-бэнд, створаны маэстра яшчэ ў 1990-я гады, прадставіў больш за 80 праграм, прысвечаных творчасці сусветна вядомых кампазітараў, якія працуюць у гэтым музычным напрамку. Паклоннікаў класічнага джаза чакаюць канцэртныя праграмы "Вялікі джаз", "Зоркі шлягераў, якія любілі джаз" і "Мы з джаза" пры ўдзеле ансамбля легендарнага дырыжора, кампазітара, піяніста народнага артыста Расіі Анатоля Крола.
Калі: 9 – 11 лютага
Дзе: Мінск, клуб імя Ф.Э.Дзяржынскага
Заключны шосты этап Кубка свету па шорт-трэку ў сезоне 2016/2017 збярэ ў адным з буйнейшых спарткомплексаў Еўропы – Мінск-Арэне – лепшых атлетаў у гэтым відзе спорту, якія паспяхова пераадолелі кваліфікацыю на папярэдніх стартах у Солт-Лейк-Сіці, Шанхаі, Ганюне і Дрэздэне. Сярод традыцыйных фаварытаў – каманды Расіі, Паўднёвай Карэі, Канады, Кітая і Нідэрландаў. У рамках зімовага турніру ўпершыню адбудзецца розыгрыш алімпійскіх ліцэнзій на маючыя адбыцца зімовыя Гульні-2018 у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане. Чакаецца, што прадстаўнікі зборнай Беларусі паспаборнічаюць за 2-4 пуцёўкі на ўдзел у галоўных стартах чатырохгоддзя. Гасцей фан-зоны чакае цікавая забаўляльная праграма – навучанне і катанне на каньках, парад раставых фігур, лядовы лабірынт, снежныя горкі, вясёлыя конкурсы і спаборніцтвы...
Калі: 10 – 12 лютага
Дзе: Мінск-Арэна, канькабежны стадыён
Даведацца падрабязней
Монаспектакль "Дэмарш энтузіястаў" прадставіць народны артыст Расіі Аляксандр Філіпенка, вядомы па ролях Азазэла ў экранізацыі рамана "Майстар і Маргарыта" Уладзіміра Бартко і Кароўева ў фільме Юрыя Кары. Назвай для творчага вечара паслужылі словы са знакамітага "Марша энтузіястаў" аб "краіне герояў, летуценнікаў і вучоных”, які выканала Любоў Арлова ў кінафільме "Светлы шлях". На мінскай сцэне Аляксандр Філіпенка, які сам сябе называе “перакладчыкам з аўтарскага на глядацкі”, аднаўляе вобраз эпохі шасцідзясятнікаў – складанай, супярэчлівай, поўнай надзей і расчараванняў. У рамках творчага вечара прагучаць радкі з твораў рускіх класікаў ХХ стагоддзя: "Ожог" Васіля Аксёнава, "Заповедник", "Зона", "Чемодан" і "Записные книжки" Сяргея Даўлатава, а таксама вершаў Іосіфа Бродскага, Юрыя Левітанскага, Уладзіміра Высоцкага і Булата Акуджавы.
Калі: 17 лютага
Дзе: Мінск, КЗ "Мінск"
Камерны ансамбль "Мінск-Класік" пад кіраўніцтвам лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў, стыпендыята фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі Максіма Расохі запрашае аматараў мастацтва cinema атрымаць асалоду ад музыкі з фільмаў 1960-70-х гадоў, знятых на легендарнай студыі "Беларусьфільм". У знакамітым спісе – "Леташняя кадрыля", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Пасля кірмашу, Паўлінка", "Тры вясёлыя сцэны", "Апошняе лета дзяцінства", "Саша-Сашанька", "Траянскі конь"… Гледачы пачуюць мелодыі, якія ўжо сталі нацыянальным здабыткам, аўтарства выдатнага кампазітара ХХ стагоддзя – народнага артыста СССР Яўгена Глебава, якому ўдавалася па-майстэрску раскрыць і напоўніць зместам вобразы, філасофскія роздумы герояў, сцэны кахання і журботы.
Калі: 18 лютага
Дзе: Мінск, КЗ "Верхні горад"
Адзіны форум эксперыментальных пластычных тэатраў у Беларусі – "ПлаSтформа", які ўпершыню адбыўся ў 2013-м – набывае ўсё большы аўтарытэт далёка за межамі краіны і пашырае геаграфію ўдзельнікаў. У мінулым годзе яго гасцямі сталі артысты і рэжысёры, танцоўшчыкі і харэографы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Даніі. Гледачоў "ПлаSтформы"-2017 чакаюць навінкі сучаснай харэаграфіі і пластычнага тэатра ў выкананні беларускіх і замежных калектываў у такіх актуальных напрамках як “пластычны тэатр", "тэатр танца", "мім-тэатр", "аб’ект-тэатр" і "візуальны тэатр"... Праграму дапоўняць лекцыі, дыскусіі, творчыя сустрэчы, майстар-класы ад вядомых харэографаў, танцоўшчыкаў і тэатральных крытыкаў.
Калі: 18 – 19 лютага
Дзе: Мінск, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, Палац культуры чыгуначнікаў
Віртуозны піяніст – народны артыст Расіі Дзяніс Мацуеў – сапраўдны феномен у свеце сучаснай класічнай музыкі: сольны выканаўца, які выступае на буйнейшых сусветных сцэнах, удзельнік міжнародных фестываляў, партнёр вядучых сімфанічных аркестраў, а таксама грамадскі дзеяч, прэзідэнт дабрачыннага фонду "Новыя імёны", стваральнік і нязменны кіраўнік фестываляў для таленавітай моладзі. Дарэчы, адзін з іх – "Дзяніс Мацуеў прадстаўляе…" – адбыўся ў Мінску ў 2015 годзе. У рамках новай праграмы "І класіка, і джаз…" у беларускай сталіцы сусветна вядомы піяніст выканае творы Пятра Чайкоўскага і Джорджа Гершвіна ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам маэстра Юрыя Ткачэнкі.
Калі: 19 лютага
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі
Маштабнае шоу аднаго з вядучых маладзёжных музычных каналаў – Europa Plus TV – збярэ на галоўнай канцэртнай пляцоўцы краіны папулярных беларускіх і замежных выканаўцаў, якія ў 2016 годзе займалі высокія радкі ў чартах айчынных тэлеканалаў і радыёстанцый. На сцэне "Мінск-Арэны" свае іскрамётныя хіты прадставяць сучасныя дыджэі і поп-зоркі: Паліна Гагарына, Аліна Артц, Юліяна Каравулава, MBAND, МОТ, ПІЦА, Eric Saade, Alekseev, Carla’s Dreams, Burak Yeter, The Parakit, Artik і Asti, Monatik, Willy William… І на гэтым спіс не заканчваецца: у бліжэйшы час арганізатары абяцаюць парадаваць паклоннікаў новымі імёнамі і свежымі кампазіцыямі, а таксама мноствам прыемных сюрпрызаў і падарункаў...
Калі: 20 лютага
Дзе: Мінск, МКСК "Мінск-Арэна"