Прасачыць гісторыю суверэннай Беларусі праз памятныя манеты запрашае выстава "На вагу золата", дзе прадстаўлены каштоўныя ўзоры, якія выпускаліся з 1996 года ў золаце, серабры і медна-нікелевым сплаве. У экспазіцыі сабраны памятныя манеты Нацыянальнага банка краіны па чатырох асноўных напрамках: гісторыя і культура Беларусі, спорт, ахова навакольнага асяроддзя і Беларусь у сусветнай супольнасці. Тут можна ўбачыць разнастайнасць форм (круглыя, прамавугольныя і авальныя манеты), тэматыкі, тэхналогій выканання, сярод якіх – галаграфія, аксідаванне, устаўкі з каштоўных і некаштоўных камянёў, каляровы лічбавы друк. Таксама прадстаўлены традыцыйныя інструменты для стварэння манет.
Калі: 17 красавіка – 7 ліпеня
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15, Мінск
У гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ва ўсіх кінатэатрах краіны пакажуць лепшыя беларускія і савецкія фільмы аб Вялікай Айчыннай вайне розных гадоў. У афішу памятнай акцыі ўвайшло не толькі ігравое беларускае кіно, але і 16 дакументальных фільмаў, лепшыя савецкія кінастужкі, праваўладальнікамі якіх з'яўляюцца "Масфільм" і іншыя кінастудыі. Чакаецца, што ў час патрыятычнай акцыі для гледачоў адбудзецца больш за 2,8 тысячы кінасеансаў як у кінатэатрах, так і іншых установах культуры.
Калі: з 24 лютага па верасень 2024 года
Дзе: кінатэатры сталіцы, абласных і раённых цэнтраў Беларусі
У сезон самых бесклапотных канікулаў і водпускаў Белдзяржцырк запрашае гледачоў атрымаць асалоду ад новай праграмы пад назвай "Цыркалета". Асаблівай увагі заслугоўвае знакаміты атракцыён "Тыгры-шоу" пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў вядомай цыркавой дынастыі дрэсіроўшчыкаў – заслужаных артыстаў Расіі Карыны і Артура Багдасаравых. У гэтым шоу на манеж выходзяць усурыйскія і бенгальскія тыгры. Таксама госці ўбачаць нумар акрабатаў на двайным трампліне, шоу папугаяў, дрэсіраваных катоў і сабачак, наезнікаў на конях, паветраных гімнастаў, жанглёраў, клоўнаў і многае іншае!
Калі: 25 мая – 4 жніўня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск
Фестываль ARS MAGNA ORGANI 2024 "Вялікае мастацтва аргана" ў новым сезоне аб'яднае 56 бясплатных канцэртаў. Для гэтага будуць задзейнічаны чатыры гістарычныя арганы – у Пінску, Мядзведзічах, Ружанах і Навагрудку, а таксама адзін электраарган – у Іванаве. Найбольш маштабная праграма – у Пінску, дзе адбудуцца 23 сольныя арганныя канцэрты і 6 канцэртаў камерных аркестраў і ансамбляў. Музыка прагучыць у кафедральным касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі на другім па гістарычнай значнасці аргане ў Беларусі. Высокае выканальніцкае майстэрства прадэманструюць 27 канцэртуючых арганістаў з Беларусі, Расіі, Аўстрыі і Венгрыі, 3 камерныя калектывы, а таксама ўдзельнікі запланаваных у рамках фестывалю майстар-класаў.
Калі: 8 чэрвеня – 13 кастрычніка
Дзе: Пінск, Мядзведзічы, Ружаны, Іванава, Навагрудак
У 2024-м спаўняецца 170 гадоў з дня нараджэння Юдэля Пэна, які стаў правадніком у свет мастацтва для сусветна вядомага авангардыста ХХ стагоддзя Марка Шагала, і 155 гадоў з дня нараджэння Якава Кругера – мастакоў-педагогаў, заснавальнікаў прафесійнай мастацкай адукацыі на тэрыторыі Беларусі, заснавальнікаў прыватных школ малюнка і жывапісу ў Віцебску і Мінску. У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя, графічныя, скульптурныя творы як саміх настаўнікаў, так і іх таленавітых вучняў – Марка Шагала, Восіпа Цадкіна, Заіра Азгура, Саламона Юдовіна, Лазара Рана і іншых мастакоў, якія прадстаўляюць розныя плыні і напрамкі сусветнага выяўленчага мастацтва.
Калі: 5 чэрвеня – 18 жніўня
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск
Даведацца падрабязней
Летні турыстычны сезон-2024 у сталіцы адкрыўся марафонам пешаходных экскурсій па старым горадзе. Кожную суботу (13.00 і 15.30) ад гарадской Ратушы адпраўляюцца групы (да 15 чалавек). Прагульваючыся па вузкіх вулачках, госці азнаёмяцца са славутасцямі, даведаюцца пра гісторыю велічных храмаў (Святадухаўскі кафедральны сабор, Архікафедральны сабор Найсвяцейшай Дзевы Марыі), былых комплексаў манастыроў базыльян і бернардзінцаў, Ратушы як сімвала гарадскога самакіравання, Гасцінага двара, а таксама старажытнага замчышча XII стагоддзя. Вывучаючы спадчыну гістарычнага цэнтра, экскурсанты пройдуць па вуліцах Няміга і Ракаўская да Юбілейнай плошчы і "перанясуцца" ў Мінск XIX стагоддзя – прагулка прадоўжыцца ў Ракаўскім прадмесці. Экскурсія завершыцца наведваннем падвалаў былой уніяцкай царквы Святога Духа.
Калі: 8 чэрвеня – 14 верасня
Дзе: Мінская гарадская ратуша, пл. Свабоды, 2а, Мінск
100-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава адзначылі ў Беларусі 19 чэрвеня. Да знакавай даты "чалавека, які выжыў" (менавіта так яго называлі чытачы) адкрыецца выстаўка "Сам-насам з вечнасцю" ў Беларускім дзяржаўным музеі-архіве літаратуры і мастацтва. Наведвальнікі азнаёмяцца з дакументамі, звязанымі з аўтабіяграфіяй майстра, яго выступленнем перад Саюзам пісьменнікаў, рукапісамі, машынапіснымі лістамі з уласнаручнымі праўкамі, перапіскамі з калегамі, карэспандэнцыяй з усіх куткоў СССР і, вядома, водгукамі чытачоў. Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены спецыяльны юбілейны нумар-альманах з невядомымі малюнкамі Васіля Быкава, апублікаванымі ўпершыню пісьмамі ад пісьменнікаў-франтавікоў, а таксама падборкай сяброўскіх шаржаў на самога пісьменніка.
Калі: 12 чэрвеня – 25 жніўня
Дзе: Беларускі дзяржаўны музей-архіў літаратуры і мастацтва, вул. Кірыла і Мяфодзія, 4, Мінск
Даведацца падрабязней
Галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці – вяртае да знакавых падзей у гісторыі краіны і лёсах мільёнаў беларусаў. 3 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі Мінск ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у час буйнейшай стратэгічнай наступальнай аперацыі Другой сусветнай – "Баграціён". А крыху больш як праз месяц і ўся тэрыторыя рэспублікі была ачышчана ад ворага. Гэта значыць, у бягучым годзе Беларусь адзначае 80-годдзе вызвалення і рыхтуецца да будучага 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Напярэдадні Дня Незалежнасці ўказам кіраўніка дзяржавы дзевяць населеных пунктаў Беларусі былі ўзнагароджаны вымпелам "За мужнасць i стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны".
У гонар юбілейнай даты і галоўнага свята краіны ў Мінску адбудуцца ваенны парад і тэатралізаванае шэсце. Жыхары і госці сталіцы ўбачаць 36 пешых разлікаў (а гэта 5 тысяч ваеннаслужачых), каля 250 адзінак тэхнікі, у тым ліку больш за 30 новых узораў. Яны пройдуць у складзе 26 парадных разлікаў механізаванай калоны. Першым будзе рухацца разлік, які складаецца з 10 легендарных танкаў Т-34. Таксама ў парадзе войскаў Мінскага гарнізона ўпершыню прымуць удзел аператыўна-тактычныя комплексы "Іскандэр-М".
Калі: 3 ліпеня
Дзе: Мінск, стэла "Мінск – горад-герой"; гарады краіны, музеі, турыстычныя комплексы
Кожны год у пачатку ліпеня тысячы паломнікаў з Беларусі і іншых краін накіроўваюцца ў Будслаў, каб пакланіцца адной з галоўных каталіцкіх святынь – абразу Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Ушэсця Маці Божай. Створаную ў XVI стагоддзі Адзігітрыю – выяву Багародзіцы з маленькім Хрыстом на руках – у 1598 годзе Папа Рымскі Клімент VIII падарыў мінскаму ваяводу Яну Пацу ў час яго паломніцтва ў Ватыкан. Абраз славіцца шматлікімі цудамі, а Будслаў вядомы як месца з'яўлення вернікам Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якое, паводле падання, адбылося 2 ліпеня 1588 года... У 2018-м Будслаўскі фэст быў уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.
Калі: 5–6 ліпеня
Дзе: касцёл Ушэсця Маці Божай, Красная плошча, 8, Будслаў, Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Другі летні фестываль "Джаз у горадзе N" адбудзецца ў легендарнай рэзідэнцыі магнатаў Радзівілаў. На працягу двух ліпеньскіх вечароў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга і салісты аркестра пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка дырыжора Максіма Расохі будуць радаваць паклоннікаў сусветна вядомымі кампазіцыямі. У першы дзень джазавая класіка і папулярныя эстрадныя мелодыі прагучаць "У рытмах джаза", а ў аснове канцэртнай праграмы "Джаз на ўсе часы" будуць кампазіцыі з рэпертуару такіх майстроў, як Г. Мілер, Д. Элінгтан, Л. Армстронг, Д. Гілеспі, Ф. Сінатра…
Калі: 5–6 ліпеня, 20.00
Дзе: Нясвіжскі замак, вул. Замкавая, 2, Нясвіж, Мінская вобласць
Даведацца падрабязней
Сімвал 15-га рэспубліканскага свята ў Александрыі – купальскі вянок. Цікава, што ў гэтым юбілейным годзе правядзенне фестывалю на беразе Дняпра якраз і супала з датай знакамітага народнага Купалля. Тэрыторыя ўрачыстасці павялічыцца на 1 га. Гасцей прыме выстаўка-кірмаш "Купальскі вянок садружнасці": па крузе разгорнуцца пляцоўкі майстроў народнай творчасці, а на кірмашовай сцэне ў цэнтры адбудуцца разнажанравыя канцэрты і выступленні творчых калектываў. Таксама ў праграме-2024 – народныя забавы, карагоды, квесты, фінал сямейнага конкурсу "Уладар сяла", майстар-класы, спаборніцтвы, дзіцячыя інтэрактыўныя шоу-праграмы. Кульмінацыяй фестывалю ў Александрыі стане музычнае шоу "Толькі тут такія зоркі" пры ўдзеле выканаўцаў беларускай і расійскай эстрады, якое завершыцца феерверкам.
Калі: 6 ліпеня
Дзе: аг. Александрыя, Шклоўскі раён, Магілёўская вобласць
Даведацца падрабязней
З нагоды 137-годдзя з дня нараджэння сусветна вядомага жывапісца і графіка, прадстаўніка мастацкага авангарда ХХ стагоддзя Марка Шагала на яго малой радзіме адбудуцца Міжнародныя Шагалаўскія дні-2024. Музей Марка Шагала ў Віцебску запрашае азнаёміцца з экспазіцыяй, якая прадстаўляе не толькі работы Майстра, але і расказвае пра гісторыю фарміравання фондаў, кантакты з шагалазнаўцамі з розных краін, а таксама нашчадкамі. Госці змогуць паўдзельнічаць у традыцыйным свяце "У гасцях у Марка і Бэлы", атрымаць асалоду ад музычна-тэатральнага перформанса, а таксама паназіраць за юнымі талентамі з Міжнароднай дзіцячай і юнацкай летняй школы мастацтваў.
Калі: 6–7 ліпеня
Дзе: Музей Марка Шагала, вул. Пакроўская, 11, Віцебск
Адна з прыгажэйшых казак Шарля Перо – "Папялушка" – ужо на працягу 300 гадоў натхняе на стварэнне шэдэўраў кампазітараў, балетмайстраў, рэжысёраў з усяго свету. Гісторыя аб працавітай дзяўчыне, якая насуперак усяму змагла знайсці каханне, захапіла і рускага генія Сяргея Пракоф'ева. У лістападзе 1945 года прэм'ера балета "Папялушка" адбылася на сцэне Вялікага тэатра ў Маскве. Беларускі глядач упершыню ўбачыў балет на роднай сцэне ў 1965-м у пастаноўцы Расціслава Захарава, а яшчэ праз 44 гады – у 2009-м – за спектакль узяўся балетмайстар Юрый Пузакоў. Новая прэм'ера легендарнага балета на сцэне Вялікага тэатра адбудзецца дзякуючы аўтарам харэаграфіі і балетмайстрам-пастаноўшчыкам, сямейнаму дуэту – народнаму артысту Беларусі Канстанціну Кузняцову і заслужанай артыстцы Беларусі Юліі Дзятко.
Калі: 6 і 7 ліпеня
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
Самы маштабны фестываль Беларусі – "Славянскі базар у Віцебску" – аб'яднае артыстаў з 33 краін свету пад нязменным дэвізам "Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення". Галоўныя інтрыгі форуму – дзіцячы і дарослы конкурсы выканаўцаў, якія збяруць прадстаўнікоў 15 і 16 краін адпаведна. Беларусь на конкурсе эстрадных выканаўцаў прадставіць Валерый Чучман з Нясвіжа, а ў дзіцячым конкурсе за Гран-пры будзе змагацца Злата Ярашэвіч з вёскі Стары Двор у Віцебскай вобласці.
Асноўнымі тэмамі мерапрыемстваў у 2024-м стане Год якасці, 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама творчыя юбілеі – 110-годдзе ўраджэнца горада Віцебска кампазітара Марка Фрадкіна, 50-годдзе заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля "Сябры".
Акрамя песеннага, на фестывалі будзе прадстаўлена тэатральнае, выяўленчае і народнае мастацтва, пройдуць кінапаказы і сустрэчы з дзеячамі сусветнай культуры. Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця ў канцэртнай зале "Віцебск" стартуе міжнародны танцавальны праект DREAM DANCE FEST, а таксама адбудзецца паказ спектакля "Усюды жыццё" вядомага расійскага харэографа і рэжысёра Ягора Дружыніна. Тут жа пройдзе юбілейны канцэрт Алега Газманава "55 гадоў на сцэне!".
Асноўная сцэнічная пляцоўка – Летні амфітэатр – прыме цырымоніі адкрыцця і закрыцця, а таксама канцэрты "РОК-ПАНАРАМА", "Саюзная дзяржава запрашае...", КВЗ-гульню "Кубак "Славянскага базару ў Віцебску" з удзелам каманд Вышэйшай лігі КВЗ розных гадоў, рэтравечарынку "ЗАЛАТЫ ХІТ", гала-канцэрт "ШАНСОН ТБ – усе зоркі".
Віцебская абласная філармонія прыме шэраг канцэртаў – Вячаслава Залатоўскага і Дзмітрыя Сафонава "Джазавая сімфонія для аргана і ўдарных", Марыям Мерабавай. Не будзе пуставаць і сцэна Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа: тут пакажуць спектаклі "Гамлет", "Рускі раман", "Людміла Зыкіна. Споведзь. 17 гадоў тайны", "А зоры тут ціхія", "Дзядзька Ваня", "У спісах не значыўся".
Калі: 9–15 ліпеня
Дзе: Летні амфітэатр (пр. Фрунзэ, 13а), канцэртныя пляцоўкі і вуліцы Віцебска
Даведацца падрабязней
Знатакоў класікі захопіць "Чароўны свет аперэты": канцэрт адбудзецца пад адкрытым небам ва ўнутраным дворыку Мірскага замка пры ўдзеле салістаў і сімфанічнага аркестра Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Аперэту называюць "легкадумнай сястрой оперы", але яе чароўнасць і прывабнасць менавіта ў гэтым запале, яркіх фарбах і бесшабашнай весялосці, дзе перашкоды пераадольныя, а шчаслівы фінал злучыць закаханых. Не пакідае абыякавых магічна прыцягальная, поўная п'янлівай любові да жыцця музыка такіх майстроў жанру, як Жак Офенбах, Шарль Лекок, Ферэнц Легар, Імрэ Кальман, Іаган Штраус…
Калі: 13 ліпеня, 21.00
Дзе: Мірскі замак, г.п. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць
Фестываль "Легендарныя эпохі" набыў статус міжнароднага і стаў візітнай карткай Гродзеншчыны. У гэтым годзе ўдзел у ім прымуць каля 300 рэканструктараў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Азербайджана. Усяго за адзін дзень тут можна акунуцца ў атмасферу некалькіх гістарычных эпох – прыходу вікінгаў, сярэдневяковага рыцарства, процістаяння з арміяй Напалеона, баёў Вялікай Айчыннай вайны... На галоўнай пляцоўцы фестывалю разгорнуцца масавыя бітвы і адзінкавыя паядынкі, конныя турніры і тактычныя манеўры. Напярэдадні вечарам для гасцей арганізуюць кінатэатр пад адкрытым небам, а энтузіясты змогуць адправіцца на экскурсію па пляцоўцы з баявой і грузавой тэхнікай Чырвонай Арміі і вермахта, вывучыць узоры ўзбраення, наведаць партызанскую зямлянку, а таксама паходны лагер з песнямі ваенных гадоў ля вогнішча з рэканструктарамі баёў Вялікай Айчыннай вайны.
Калі: 13 ліпеня
Дзе: г.п. Зэльва, Гродзенская вобласць
Адзін з буйнейшых open air фестываляў Беларусі Viva Braslav запрашае наведаць Браслаўскі край, які за дзіўную прыгажосць называюць "блакітнымі каралямі" краіны. Чакаецца, што ў 11-м сезоне ў спартыўную праграму фестывалю ўвойдуць пляжныя актыўнасці – спаборніцтвы па варкаўце, стрытболе і валейболе. Арганізатары рыхтуюць мноства забаў, сярод якіх атракцыёны на спрытнасць, бампербол, батуты, дзіцячыя пляцоўкі, дроцікавы цір, батлы, заняткі ёгай, кулінарныя паядынкі, а таксама захапляльны конкурс "Міс Viva Braslav". Музычная частка таксама не ўступіць па маштабах і абяцае быць гарачай! На сцэне VIVA BRASLAV выступяць Aryue, Jakone & A. V. G., KAKA, Kristina Si, NILETTO, NKEEEI, UNIQE, ARTEM SHILOVETS, XOLIDAYBOY, Клава Кока, Лёша Свік, МакSім, Алег Маямі.
Калі: 26–28 ліпеня
Дзе: Цэнтральны пляж, Браслаў
"Вялікая бард-рыбалка"-2024 пашырыць свой мультыкультурны фармат. У канцэрце "Ваше благородие, госпожа удача…", прысвечаным 100-годдзю класіка аўтарскай песні Булата Акуджавы, прагучаць самыя вядомыя творы аўтара. Яшчэ адзін песенны праект названы таксама па аднайменнай песні Булата Акуджавы – "Надежды маленький оркестрик". На асобнай пляцоўцы музычна-спартыўнага свята адкрыецца адукацыйны праект "Акадэмія аўтарскай песні", дзе пройдуць майстар-класы па гітарным акампанеменце, аранжыроўцы, вакале, паэтычным і сцэнічным майстэрстве. Гасцей парадуюць і традыцыйныя мерапрыемствы: рыбалоўныя спаборніцтвы, конкурс "Чыгірынская юшка!", турнір па пляжным валейболе і самы прыгожы фестывальны праект – "Каралева бард-рыбалкі". На фестывальнай паляне разгорнуцца інтэрактыўныя пляцоўкі "Кірмаш здароўя", "Горад майстроў", "Вясёлыя атракцыёны" і іншыя.
Калі: 26–28 ліпеня
Дзе: в. Чачэвічы, Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць
Даведацца падрабязней
Летні фестываль Vulitsa Ezha ў гэтым сезоне прадстаўляе тры гарадскія пікнікі. Па традыцыі цэнтрам прыцягнення з'яўляецца фуд-корт, дзе звыш 40 устаноў прэзентуюць свае меню. Госці могуць пакаштаваць больш за 200 арыгінальных страў (чэшская, іспанская, грузінская, кітайская, мексіканская і іншыя кухні). Яркія лакацыі фэсту – кулінарная школа Gefest, дзе топавыя шэф-повары праводзяць майстар-класы з медыйнымі гасцямі, вулічны кінатэатр пад адкрытым небам, Local Food Market з крафтавай ежай ад мясцовых вытворцаў, дызайнерскі "Гарошак маркет" з вырабамі ручной работы ад рамеснікаў, сямейная зона з забавамі.
Калі: 22–23 чэрвеня, 27–28 ліпеня, 31 жніўня – 1 верасня, 12.00–22.00
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2в, Мінск
Этнасвята "У госці да радзімічаў" праводзіцца з 2014 года на пляцоўцы Замкавішча ў аграгарадку Радамля, які лічыцца старажытным цэнтрам племя радзімічаў. У нашы дні тут створаны музей пад адкрытым небам, дзе можна ўбачыць традыцыйнае жыллё – паўзямлянкі, капішча славянскіх багоў, браму для здабычы жывога агню, вулічную печ для абпалу керамічных вырабаў. Госці этнасвята змогуць акунуцца ў атмасферу першабытнай стаянкі радзімічаў, азнаёміцца з побытам племя IX стагоддзя, яго песнямі, карагодамі, а таксама рытуалам здабычы жывога агню і адроджанымі абрадамі – "Турыцы", "Пахавальны абрад" (рэканструкцыя абраду няпоўнай крэмацыі).
Калі: 27 ліпеня
Дзе: аг. Радомля, Чавускі раён, Магілёўская вобласць