За сваю 200-гадовую гісторыю фотаапарат прайшоў шлях ад грувасткай камеры-абскуры да ўбудаваных у смартфоны фотакамер. Наведвальнікі выставы змогуць прасачыць асноўныя вехі ў гісторыі фотамастацтва, паглыбіцца ў працэс стварэння фатаграфіі і зразумець прынцыпы работы фотаапаратаў розных канструкцый. У экспазіцыі прадстаўлены розныя мадэлі фотатэхнікі, самыя раннія з якіх датуюцца першым дзесяцігоддзем ХХ ст. (стэрэафотаапарат Le Glyphoscope, 1905 г.), а самыя познія – канцом ХХ ст. Сярод прадметаў можна ўбачыць рэдкія і ўнікальныя ўзоры – праекціровачныя мадэлі фотаапаратаў "Зеніт" 1980-х гадоў, стэрэафотаапараты для здымкі трохмерных выяў, мікрафотаапараты…
Калі: 17 студзеня – 7 красавіка
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15, Мінск
Беларускі дзяржаўны цырк прадстаўляе феерычнае воднае шоу "Магія фантанаў", у якім увасобяцца самыя смелыя праекты пастаноўшчыкаў – маляўнічыя фантаны з лазернай інсталяцыяй, гіганцкія струмені танцуючай вады, дождж і вадаспады пад купалам цырка! У праграме выступяць канатаходцы, эквілібрысты, паветраныя гімнасты на рамянях, гімнастка з хула-хупамі на люстраным шары, жанглёр, клоўн. У нумарах задзейнічаны марскія коцікі, папугаі, дрэсіраваныя мядзведзі, малпы…
Калі: 3 лютага – 12 мая
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск
Спазнаць "Мастацтва любіць жыццё" запрашае Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Італьянскае Dolce Vita прадугледжвае асалоду ад працэсу і ўключае цэлы спектр разумення і ўспрымання быцця – ад распарадку дня да эстэцтва, ад няспешнасці да геданізму, ад задавальнення да сузірання. На выставе прадстаўлены творы беларускага, рускага і еўрапейскага мастацтва XVIII–XXI стагоддзяў са збораў галоўнай скарбніцы краіны – усяго больш за 150 работ жывапісу, скульптуры, арыгінальнай графікі, прадметаў фарфору, мастацкага шкла... Тэму Dolce Vita дапоўнілі жаночыя ўборы розных эпох, узоры аксесуараў, парфумерыі, касметыкі з прыватнай калекцыі Таццяны Фядосавай "Прыгажосць і мода XIX–XXI стагоддзяў".
Калі: 12 лютага – 8 красавіка
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск
Праект "Страсці па архітэктуры" імкнецца паказаць аўдыторыі эвалюцыю архітэктурных стыляў у арыгінальнай форме – сімвалічнымі і эмацыянальнымі сродкамі. Гук, святло, прасторавыя аб'екты, інсталяцыі, відэа-арт, творы мастацтва ў розных тэхніках і нават пахі: тут усё падпарадкавана агульнай задуме – выклікаць эмацыянальнае перажыванне прасторы. Госці ўбачаць работы як маладых, так і ўжо вядомых сучасных беларускіх аўтараў, а таксама творы беларускіх мастакоў з фонду НЦСМ. На заканчэнне знаёмства з выставай наведвальнікі ўбачаць імерсіўны фільм "Свет вачамі Гаўдзі", які дазваляе інакш паглядзець на самыя вядомыя работы геніяльнага іспанскага архітэктара Антоніа Гаўдзі.
Калі: 17 лютага – 28 красавіка
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, вул. Някрасава, 3, Мінск
XXХVI Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі пройдзе ў канцэртнай зале Сафійскага сабора. Пад купалам храма з унікальнай акустыкай прагучыць камерная музыка ў выкананні лепшых салістаў і калектываў розных пакаленняў і краін. У фестывальнай афішы – сем канцэртаў. Адкрые форум камерны аркестр "Еўропа-Цэнтр", які 31 сакавіка выканае шэдэўры музыкі XX стагоддзя: сюіту Le Grand Cahier Літвіноўскага, лірычнае Adagio Смольскага, знакаміты канцэрт Palladio Джэнкінса.
Камерныя калектывы Гомельскай абласной філармоніі 5 красавіка прадставяць выдатны твор аргенцінскага кампазітара Палмеры Misa a Buenos Aires, вядомы як Misatango, у якім спалучаецца традыцыйнае каталіцкае богаслужэнне са стылістычнымі асаблівасцямі танга. 10 красавіка ў праграме "Зоркі оперы" можна пачуць шэдэўры сусветнай вакальнай класікі ад вядучых салістаў Вялікага тэатра Беларусі. 14 красавіка пройдзе праграма "Скарбы Belcanto". 16 красавіка калектыў Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы выканае музыку беларускіх і замежных кампазітараў XX–XXI стагоддзяў, у тым ліку прэм'еру твора Эшэнвальдса In Paradisum для хору, віяланчэлі і альта. Рамантычная музыка для кларнета і фартэпіяна ў выкананні беларускіх салістаў будзе гучаць 19 красавіка.
Завершыцца фестываль 21 красавіка арганнымі фантазіямі Баха ад заслужанага артыста Расіі, прафесара Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, саліста Маскоўскай дзяржаўнай філармоніі Аляксандра Фісейскага.
Калі: 31 сакавіка – 21 красавіка
Дзе: Сафійскі сабор, Полацк, Віцебская вобласць
Новае грандыёзнае шоу саўндтрэкаў ад стваральнікаў Cinema Medley ў выкананні вялікага сімфанічнага аркестра і хору Санкт-Пецярбурга – Imperial Orchestra – на самай маштабнай пляцоўцы Беларусі! Шоу Hans Zimmer's Universe – гэта трыб'ют кампазітару, які стаў легендай сучаснага кінематографа і Галівуда, аўтару музыкі да больш як 200 фільмаў, уладальніку прэмій "Оскар", "Грэмі" і "Залаты глобус". У фільмаграфію Ханса Цымера ўвайшлі самыя вядомыя блокбастары і мультфільмы нашага часу: "Інтэрстэлар", "Гладыятар", "Кароль Леў", "Піраты Карыбскага мора", "Пачатак", "Апошні Самурай", "Дзюна" і многія іншыя. Лепшыя кампазіцыі з любімых фільмаў прагучаць і для гледачоў у Мінску. Imperial Orchestra – вялікі сімфанічны аркестр і хор, які аб'яднаў віртуозаў Санкт-Пецярбурга і Масквы. Ён быў створаны ў 2021 годзе спецыяльна для шоу Cinema Medley і за некалькі гадоў стаў галоўным кінааркестрам Расіі. Сёння ў яго складзе – звыш 200 артыстаў, 2 дырыжоры, а таксама каманда гукаінжынераў і мастакоў па святле, якія робяць кожнае шоу неверагодным.
Калі: 6 красавіка, 18:00
Дзе: "Мінск-Арэна", пр. Пераможцаў, 111, Мінск
Гарадскі пасёлак Сапоцкін, размешчаны недалёка ад Аўгустоўскага канала, славіцца сваімі велікоднымі традыцыямі, і перш за ўсё ўнікальнай, уласцівай толькі гэтым мясцінам тэхнікай роспісу яек. Госці самабытнага свята змогуць наведаць Музей пісанкі, у якім сабрана больш за 1500 яек, дэкарыраваных рознымі спосабамі. У гэты дзень адбудзецца і прэзентацыя самага вялікага экспаната музея. Святочны настрой гасцям будуць ствараць творчыя калектывы Гродзенскага раёна, а сакрэтамі мастацтва роспісу велікодных яек ахвотна падзеляцца мясцовыя майстры. На свяце можна будзе зрабіць яркія фотакадры на фоне незвычайных пісанак, наведаць інтэрактыўныя пляцоўкі з квестамі і гульнявымі праграмамі.
Калі: 7 красавіка
Дзе: Музей пісанкі, Сапоцкінскі культурна-турыстычны цэнтр, вул. Гродзенская, 17, г.п. Сапоцкін, Гродзенскі раён
Вялікі сольны канцэрт лаўрэата міжнародных конкурсаў, пераможцы другога сезона вакальнага праекта "Голас", заслужанага артыста Расіі і ўраджэнца Беларусі Сяргея Валчкова адбудзецца на сцэне Палаца Рэспублікі. Гледачоў чакаюць вядомыя хіты савецкіх, расійскіх і замежных кампазітараў, класічныя творы і песні, напісаныя спецыяльна для вакаліста. Гледачы ведаюць Сяргея Валчкова як артыста з цудоўным аксамітным барытонам, прыцягальнай шчырасцю і душэўнасцю. І зразумела, дастойным абрамленнем яго голасу стане суправаджэнне музыкантаў заслужанага калектыву краіны – Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь – пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Віталя Кульбакова.
Калі: 6 красавіка
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск
Сольны канцэрт у гонар свайго 55-годдзя дасць у Мінску народны артыст Расіі і любімец публікі Стас Міхайлаў. Вечар будзе напоўнены знакамітымі хітамі, прысвечанымі жанчынам, мужчынам, іх адносінам і самым важным жыццёвым каштоўнасцям. "Девочка-лето", "Все для тебя", "Страдая, падая, взлетая" і яшчэ цэлы калейдаскоп кампазіцый – артыст падрыхтаваў гасцям шмат прыемных хвілін і сюрпрызаў. Акрамя таго, кожнае выступленне Стаса Міхайлава ўнікальнае, бо ён імправізуе на сцэне, актыўна ўзаемадзейнічае з публікай, ствараючы атмасферу шчырасці, душэўнасці і цяпла.
Калі: 12 красавіка
Дзе: Палац спорту, пр. Пераможцаў, 4, Мінск
Сімфанічнае гучанне 3-х фартэпіяна без аркестра! Усё гэта магчыма з адзіным фартэпіянным трыа Беларусі ТrіоТіme, артыстычная канцэпцыя якога знаходзіцца на стыку класікі і эстрады. Гукі інструментаў сальюцца разам і акунуць публіку ў бяздонную, чароўную музыку выдатных кампазітараў сучаснасці, майстроў саўндтрэкаў Ханса Цымера і Людовіка Эйнаўдзі, а рытмы перкусіі прымусяць сэрца біцца ў такт.
Калі, дзе:
12 красавіка – КЗ "Мінск" (малая зала), вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск
20 красавіка, 15:00 – Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль (тэатральная зала), Нясвіж, Мінская вобласць
Сталічны Палац спорту зноў стане пляцоўкай грандыёзнай Дыскатэкі СССР з яркімі хітамі 1980–90-х у выкананні легенд таго часу. У праграме – шмат зорак. Лірычная, рамантычная і праніклівая Таццяна Буланава, голас якой немагчыма не пазнаць. Вадзім Казачэнка, які заваяваў папулярнасць не толькі як яркі выканаўца, але і кампазітар, аўтар песень. Міхаіл Мурамаў – папулярны спявак, кампазітар і музыкант, "Яблоки на снегу" і "Странную женщину" якога ведаюць мільёны. Рома Жукаў – спявак і кампазітар, які імкліва ўзляцеў на хвалю папулярнасці з хітамі "Первый снег", "Я люблю вас, девочки" і інш. Ігар Карнялюк – савецкі і расійскі кампазітар, спявак, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі і ўраджэнец Беларусі. Ён заваяваў любоў публікі не толькі яркімі хітамі ва ўласным выкананні ("Дожди", "Билет на балет", "Возвращайся"), але і супрацоўніцтвам са многімі вядомымі выканаўцамі – Міхаілам Баярскім, Ане Вескі, Эдзітай П'ехай, Філіпам Кіркоравым. Музыка Ігара Карнелюка гучыць у фільмах і серыялах: "Майстар і Маргарыта", "Ідыёт", "Бандыцкі Пецярбург"…
Калі: 13 красавіка
Дзе: Палац спорту, пр. Пераможцаў, Мінск
Самая буйная выстаўка Беларусі ў катэгорыі "Турызм і адпачынак", міжнародная дзелавая пляцоўка для краін, рэгіёнаў і турыстычных кампаній з усяго свету, якія прадстаўляюць свае прадукты і паслугі на беларускім рынку. Удзельнікі і наведвальнікі маюць магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі сусветных турыстычных асацыяцый, рэгулятарамі галіны, знайсці новых кліентаў і партнёраў, а таксама даведацца аб трэндах індустрыі на мерапрыемствах дзелавой праграмы. Для аматараў падарожжаў гэта цудоўная магчымасць даведацца падрабязней аб турыстычных маршрутах, новых турах, цікавых выдатных мясцінах і лепшых магчымасцях адпачынку. У гэтыя ж дні – упершыню на адной пляцоўцы – пройдзе таксама Міжнародная спецыялізаваная выстаўка-кірмаш "ПАЛЯВАННЕ і РЫБАЛОЎСТВА-2024".
Калі: 18–20 красавіка
Дзе: Мінск-Арэна, пр. Пераможцаў, 111, Мінск
Заслужаная артыстка Расіі – Зара – удастоена галоўных музычных узнагарод і прэмій краіны, а ў творчай біяграфіі спявачкі ўжо 10 сольных альбомаў. У Мінску яна зноў падорыць публіцы ўтульны вечар, прысвечаны любові і музыцы. У суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам маэстра Віталя Кульбакова Зара выканае свае лепшыя кампазіцыі, злучыўшы музыку і паэзію, рамансы і этнічныя песні, танцавальныя хіты і пяшчотныя сольныя нумары. Дарэчы, з Беларуссю ў выканаўцы асаблівая сувязь. Яна не раз выступала ў Мінску, а з 18 гадоў з'яўляецца пастаяннай удзельніцай фестывалю "Славянскі базар у Віцебску". Зара заваявала любоў гледачоў і сваім праніклівым выкананнем легендарнай беларускай песні "Купалінка", якая таксама прагучыць на сольным вечары.
Калі: 19 красавіка
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск
Таленавіты выканаўца ўзарваў чарты сваімі гарачымі кампазіцыямі: на працягу апошніх некалькіх гадоў музыкант прадставіў некалькі сольных альбомаў, песні з якіх сталі лідарамі музычных платформ. На канцэрце ў Мінску публіку чакаюць хіты артыста – "Май", Asphalt 8, "Кино", "Юг", "Останься образом"... Як адзначаюць крытыкі, меладычныя і вельмі сумленныя кампазіцыі аб дружбе, каханні, расставаннях, пагоні за дабрабытам, каштоўнасцях і марах знаходзяць водгук у многіх.
Калі: 27 і 28 красавіка
Дзе: Палац спорту, пр. Пераможцаў, 4, Мінск