Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Врс 2024

Каляндар падзей у Беларусі: КАСТРЫЧНIК 2024

Каляндар падзей у Беларусі: КАСТРЫЧНIК 2024

Фестываль акадэмічнай арганнай і камернай музыкі ARS MAGNA ORGANI 2024

Фестываль ARS MAGNA ORGANI 2024 "Вялікае мастацтва аргана" ў новым сезоне аб'яднае 56 бясплатных канцэртаў. Для гэтага будуць задзейнічаны чатыры гістарычныя арганы – у Пінску, Мядзведзічах, Ружанах і Навагрудку, а таксама адзін электраарган – у Іванаве. Найбольш маштабная праграма – у Пінску, дзе адбудуцца 23 сольныя арганныя канцэрты і 6 канцэртаў камерных аркестраў і ансамбляў. Музыка прагучыць у кафедральным касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі на другім па гістарычнай значнасці аргане ў Беларусі. Высокае выканальніцкае майстэрства прадэманструюць 27 канцэртуючых арганістаў з Беларусі, Расіі, Аўстрыі і Венгрыі, 3 камерныя калектывы, а таксама ўдзельнікі запланаваных у рамках фестывалю майстар-класаў.

Калі: 8 чэрвеня – 13 кастрычніка
Дзе: Пінск, Мядзведзічы, Ружаны, Іванава, Навагрудак

Выстава "І ты закрасуеш, наш Мінск старадаўнi" ў НММ

У гонар Дня горада Мінска – а ў верасні сталіца адзначае 957-годдзе – у Нацыянальным мастацкім музеі адкрыецца выстава "І ты закрасуеш, наш Мінск старадаўні". Урэшце, беларускія вучоныя даказалі, што горад значна старэйшы, і афіцыйная дата заснавання будзе карэкціравацца. Наведвальнікі НММ убачаць рэтраспектыву Мінска праз палітру мастакоў ад пачатку ХХ стагоддзя да 1968 года. Тут і актыўны рост, і будаўніцтва ў 1920–30-я, адлюстраваныя ў работах Аркадзя Астаповіча, Язэпа Драздовіча, Мікалая Дучыца, Мікалая Тарасікава, Міхаіла Філіповіча, Меера Сляпяна... І перыяд Вялікай Айчыннай вайны, які пакінуў трагічны след у лёсе жыхароў (галоўная тэма – у Оскара Марыкса, Монаса Манасзона, Паўла Гуткоўскага, Анатоля Тычыны). І адраджэнне, аднаўленне, атрыманне новага аблічча, што апявалі Леў Лейтман, Давід Генін, Сямён Герус, Ізраіль Басаў, Сяргей Каткоў.

Калі: 23 жніўня – 20 кастрычніка
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей, вул. Карла Маркса, 24, Мінск
Даведацца падрабязней

"Асенні салон"–2024 у Мінску

Разам з надыходам самай маляўнічай пары года ў сталічным Палацы мастацтваў адкрываецца выстава-продаж работ маладых беларускіх мастакоў "Асенні салон з Белгазпрамбанкам", якая праводзіцца з 2015 года. Удзельнікі маштабнага праекта – сучасныя мастакі ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў, аўтары работ, створаных за апошнія тры гады ў любых тэхніках і відах выяўленчага мастацтва. Госці могуць набыць карціны – больш за 90 працэнтаў з іх даступны на Аrtcenter.by, а таксама падтрымаць удзельнікаў, запоўніўшы спецыяльны бланк для галасавання.

Калі: 4 верасня – 20 кастрычніка
Дзе: Палац мастацтва, вул. Казлова, 3, Мінск

"Патэтычны дзённік памяці" Вялікага тэатра Беларусі

"Патэтычны дзённік памяці" – гэта грандыёзны творчы праект, які калектыў Вялікага тэатра прадстаўляе ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Задзейнічана ўся трупа – больш за 300 чалавек! Перад гледачамі разгорнуцца падзеі перыяду Вялікай Айчыннай вайны пад музыку іх сведак – кампазітараў, якія пісалі свае творы ў 1950-70-я. У спектаклі адлюстраваны як даваенныя дні (зыходны пункт – 1939 год, калі Вялікі тэатр атрымаў уласны будынак на Траецкай гары), так і самыя страшныя старонкі ліхалецця і акупацыі краіны. Акцэнт зроблены на 1944-м, які стаў годам вызвалення Беларусі, і, безумоўна, кульмінацыі – урачыстасці Перамогі. Паводле слоў рэжысёра Ганны Маторнай, у аснове спектакля – "ідэя ператварыць дакументальныя сведчанні ў твор, які змог бы выразнымі тэатральнымі сродкамі – праз музыку, харэаграфію, слова і голас, абагульненыя акцёрскія вобразы, праз эмацыянальнае ўспрыманне – дастукацца да маладога пакалення, прымусіць задумацца, а магчыма і змяніць светапогляд сучаснага чалавека".

Калі, дзе:

22 і 29 верасня, 18.00 – Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
5 кастрычніка, 19.00 – Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", Брэст
Даведацца падрабязней

"Ракурсы творчасці": выстава да 85-годдзя опернай спявачкі Святланы Данілюк

Восенню 1965 года выпускніца Кіеўскай кансерваторыі Святлана Данілюк дэбютавала ў партыі Кармэн на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета ў Мінску. А ўсяго праз год яна стала вядучай салісткай тэатра і выступала практычна ва ўсіх партыях мецца-сапранавага рэпертуару. Стажыравалася ў тэатры "Ла Скала" (Мілан) пад кіраўніцтвам Маргарыты Карозія... На выставе да 85-годдзя з дня нараджэння народнай артысткі Святланы Данілюк прадстаўлены матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі – сцэнічныя касцюмы артысткі, афішы, фатаграфіі сцэн са спектакляў з удзелам Святланы Данілюк.

Калі: 25 верасня – 31 кастрычніка
Дзе: Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, зав. Музычны, 5, Мінск
Даведацца падрабязней

"Трыумф": новая праграма ў Белдзяржцырку

"Трыумф" на манежы Белдзяржцырка збярэ сапраўднае сузор'е артыстаў з 19 краін свету, сярод якіх Аўстралія, Аргенціна, Італія, Эфіопія, Расія, Беларусь, Малдова, Калумбія, Ізраіль, Фінляндыя, Таджыкістан, Кыргызстан, Партугалія, Венгрыя, КНДР, Азербайджан, Казахстан, Узбекістан, Грузія. Мінчане і госці сталіцы ўбачаць нумары прызёраў і лаўрэатаў III Мінскага міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва (а гэта Гран-пры, дзве залатыя, дзве сярэбраныя, дзве бронзавыя ўзнагароды і, вядома, адна з самых дарагіх – прыз глядацкіх сімпатый), які завяршыўся 22 верасня грандыёзным гала-канцэртам.

Калі: 28 верасня – 1 снежня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

TheatreHD: трансляцыі лепшых сусветных спектакляў у Мінску

Восенню трансляцыі лепшых пастановак са сцэн свету прадоўжацца ў сталічных кінатэатрах. У праграме кастрычніка 2024 года – драма, опера, балет, а таксама дакументальнае кіно пра мастацтва і выдатных жывапісцаў – #АртЛекторийВкино.

Калі: з 1 кастрычніка
Дзе: кінатэатр "Цэнтральны", Falcon Club Буцік Кіно, Mooon у ГЦ Dana Mall і ГЗЦ Palazzo, Мінск

XXI Міжнародны турнір на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач

Міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы праводзіцца ў Мінску з 2002 года і займае асаблівае месца ў штогадовым спартыўным календары Беларусі. Яго ініцыятар і стваральнік – Марына Лобач – ураджэнка Смалявіч і першая савецкая алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы, якая заваявала ў індывідуальным першынстве золата на Алімпіядзе-1988 у Сеуле. Сёння яна вядомы трэнер, настаўніца лідара нацыянальнай зборнай Аліны Гарнасько, якая стала бронзавым прызёрам Токіа-2020 і чэмпіёнкай свету-2021. Фармат турніру змяніўся: цяпер у залік кожнай з каманд падсуммоўваюцца вынікі трох спартсменак розных узроставых катэгорый – прэ-юніёрак, юніёрак і сеніёрак. Таксама ў кожнай катэгорыі вызначаюцца прызёры ў мнагабор'і і фіналах асобных дысцыплін. Гледачоў чакаюць сустрэча са знакамітымі грацыямі і відовішчныя спаборніцтвы ў розных відах першынстваў.

Калі: 1–3 кастрычніка
Дзе: Палац мастацкай гімнастыкі, пр. Пераможцаў, 112, Мінск

Гастролі Свярдлоўскага тэатра музычнай камедыі ў Мінску

Свярдлоўскі тэатр музычнай камедыі праз 9 гадоў (пасля цёплых сустрэч з беларускім гледачом у 2015-м) прыехаў на гастролі ў Мінск практычна ўсім складам: а гэта больш за 150 супрацоўнікаў – хор, балет, салісты, калектыў народных музычных інструментаў, дзіцячая студыя. Вечары на беларускай сцэне адкрыў спектакль рэжысёра Кірыла Стрэжнева "Мёртвыя душы", які атрымаў вялікую колькасць узнагарод, у тым ліку чатыры "Залатыя маскі"! Гледачы ўбачаць шырокую палітру спектакляў – ад драматычных ("Мёртвыя душы") да музычных ("Баядэра", "Пунсовыя ветразі", "Маскарад", "Купіце пропуск у рай").

Калі: 24 верасня – 7 кастрычніка
Дзе: Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, вул. Мяснікова, 44, Мінск

Cinemascope #shhh: рэтраспектыва "новай хвалі" ў "Манахроме"

Праект Cinemascope #shhh адкрывае асенні сезон-2024, прадаўжаючы знаёміць гледачоў з лепшымі стужкамі сусветнага кінематографа. На гэты раз вячэрнія сеансы праходзяць не пад адкрытым небам, а ва ўтульнай прасторы "Манахром" на вуліцы Кастрычніцкай. Госці ўбачаць рэтраспектыву самых знакавых фільмаў "новай хвалі" – напрамку ў французскім кінематографе канца 1950-60-х гадоў, прадстаўнікі якога адмовіліся ад існуючых правіл здымкі і прадказальнасці расказвання. Кінастужкі дэманструюцца на мове арыгінала з рускімі субцітрамі.

Калі: 2 кастрычніка – 6 лістапада
Дзе: прастора "Манахром", вул. Кастрычніцкая, 16/3, 2-і паверх, Мінск

Экскурсіі "Унікальны свет закулісся Вялікага тэатра Беларусі"

Як жыве Вялікі тэатр? Што адбываецца на сцэне, пакуль гледачы адпачываюць? І якія сакрэты захоўваюць па той бок заслоны? Аб гэтым можна даведацца на экскурсіях, якія праводзяць для гасцей у галоўным тэатры краіны. Гіды раскажуць аб насычаным жыцці тэатра, тонкасцях стварэння рэквізіту, касцюмаў і дэкарацый, магчымасцях сцэны, самых цікавых старонках гісторыі. У будні наведвальнікі могуць убачыць пажарную заслону, паназіраць за падрыхтоўкай да вячэрняга спектакля, а таксама ўбачыць, як ствараюцца масіўныя дэкарацыі і паразмаўляць з майстрамі тэатральнага касцюма.

Калі: 2, 3, 8, 9, 16, 22, 23, 24, 25, 26, 30 і 31 кастрычніка
Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

VIII Міжнародны фестываль дакументальнага кіно краін СНД "Еўразія.DOC''

Рэкордная колькасць заявак – звыш 320 – паступіла на ўдзел у Міжнародным фестывалі "Еўразія.DOC''. З кожным годам геаграфія таксама пашыраецца: на гэты раз да форуму дакументальнага кіно далучыліся рэжысёры з Ірана, Бангладэш, Індыі, Турцыя і Кітая. У кароткай праграме фестывалю будуць прадстаўлены 32 фільмы-фіналісты з Беларусі, Расіі, іншых краін СНД і далёкага замежжа. Таксама ў праграме – сустрэчы з аўтарамі, круглыя сталы, дыскусійныя пляцоўкі па тэматыцы Года якасці, 80-годдзя вызвалення Беларусі, перспектыў Беларусі ў буйных рэгіянальных інтэграцыйных праектах, процідзеяння інфармацыйным укідам.

Калі: 3–4 кастрычніка
Дзе: кінатэатр "Беларусь", вул. Раманаўская Слабада, 28, Мінск
Даведацца падрабязней

Сяргей Лазараў у Мінску

Адзін з самых гастралюючых артыстаў расійскай эстрады Сяргей Лазараў зноў парадуе паклоннікаў у Мінску сваім шоу "Я не баюся!". Прэм'ера адбылася восенню 2022 года, і з таго часу спявак прадставіў гэту праграму больш за 150 разоў. Гледачоў чакаюць маштабныя дэкарацыі, арыгінальныя танцавальныя пастаноўкі, яркія касцюмы, уражальнае асвятленне, жывы гук, цудоўныя спецэфекты, любімыя хіты, музычныя навінкі і моцная энергетыка артыста.

Калі: 5 і 6 кастрычніка
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

CINEMA MEDLEY: сімфанічнае шоу саўндтрэкаў у "Мінск-Арэне"

Сімфанічны аркестр Imperial Orchestra пад кіраўніцтвам дырыжора Льва Дунаева вяртаецца ў Мінск, каб прадставіць сусветнае шоу саўндтрэкаў. Ханс Цымер, Джон Уільямс, Дэвід Арнольд, Рамін Джавадзі, Эндру Лойд Уэбер – гэта толькі невялікая частка імёнаў кампазітараў, чыя музыка ўвайшла ў гісторыю XX і XXI стагоддзяў і прагучыць у беларускай сталіцы. Праграма вечара прысвечана кампазіцыям з сусветна вядомых кінастужак, а галоўныя тэмы адабраны і аформлены ў выглядзе сімфанічных сюіт – medley. Гледачы зробяць падарожжа ў гісторыю сусветнага кінематографа, успомніўшы больш за 15 фільмаў, сярод якіх "Інтэрстэлар", "Піраты Карыбскага мора", "Гульня прастолаў", "Пачатак", "Бэтмен", "Зорныя войны", "Гары Потэр", "Спіс Шындлера", "Парк Юрскага перыяду", "Прывід оперы", "Ла-Ла Лэнд"…

Калі: 5 і 6 кастрычніка (19.00 і 18.00)
Дзе: "Мінск-Арэна", пр. Пераможцаў, 111, Мінск

Выстава-кірмаш "Чароўны млын" у Мінску

Найбуйнейшая ў Беларусі выстава вырабаў ручной работы, гісторыя якой налічвае 13 гадоў, праводзіцца тройчы – восенню, зімой і вясной. Традыцыйна "Чароўны млын" аб'ядноўвае некалькі соцень рамеснікаў, дызайнераў, мастакоў, майстроў рукадзелля з усёй краіны. Менавіта тут можна купіць дызайнерскае адзенне і аксесуары, аўтарскія прадметы для дамашняга дэкору (карціны і пано), тавары для творчасці і рукадзелля, а таксама сувеніры і паштоўкі, лялькі і цацкі, фермерскія прадукты. Акрамя рамеснага кірмашу, у праграме – майстар-класы, жывая музыка і модныя паказы.

Калі: 11–13 кастрычніка
Дзе: выставачны комплекс "БелЭкспа", пр. Пераможцаў, 14, Мінск

"Марафон адзінства" ў Беларусі

"Марафон адзінства" ў БеларусіНа ўрачыстым мерапрыемстве да Дня народнага адзінства 17 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка аб'явіў аб старце рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі "Марафон адзінства". "Гэта будзе марафон трыадзінства традыцый: нацыянальнай культуры, якую беражліва захоўваем і развіваем, талентаў нашых людзей, якімі славіцца беларуская зямля, прыгажосці славянскай душы, якая напаўняе свет вакол гармоніяй і ўзаемаразуменнем", – расказаў аб тым, чаго чакае ад маштабнай грамадска-культурнай. акцыі, кіраўнік дзяржавы.

Маштабныя канцэрты, якія пройдуць у розных беларускіх гарадах, падораць гледачам мноства станоўчых эмоцый. Па сутнасці, яны стануць працягам унікальнага патрыятычнага форуму, які адбыўся ў сталіцы ў Дзень народнага адзінства, дзе на адной пляцоўцы перад публікай выступалі прафесійныя і самадзейныя калектывы розных узростаў, якія прыехалі практычна з усіх куткоў Беларусі.

Арганізатары аб'явілі, што пунктамі марафону стануць 13 гарадоў краіны: Брэст, Баранавічы, Пінск, Ліда, Гродна, Салігорск, Гомель, Жлобін, Маладзечна, Бабруйск, Магілёў, Віцебск і Орша. Тым не менш, маршрут акцыі можа быць пашыраны.

Калі, дзе:

11-12 кастрычніка – Маладзечна
18-19 кастрычніка – Гомель
25-26 кастрычніка – Жлобін
8-9 лістапада – Пінск

"Першым пунктам стане Маладзечна". У якія рэгіёны прыедзе "Марафон адзінства"

"Голас і космас": канцэрт спявачкі Перукуа ў Мінску

Аўстралійскую спявачку Перукуа называюць выканаўцай самай жаноцкай музыкі, "голасам самога жыцця" і музычным феноменам сусветнага маштабу. У мінулым Перукуа – паспяховая джазавая спявачка, якая пакінула сцэну, каб вывучаць і развіваць розныя тэхнікі работы з голасам. Сёння яна сама піша музыку, на яе рахунку больш за 15 альбомаў і дзясяткі міжнародных канцэртных тураў. Сама спявачка прызнаецца, што яе музыка не для забавы: яна "абслугоўвае глыбінныя запатрабаванні душы, і ёй важна, каб людзі адчулі глыбокае акунанне і пражылі нейкае ўнутранае падарожжа". Апошняе выступленне Перукуа ў Мінску – у лістападзе 2019-га – прайшло з аншлагам.

Калі: 13 кастрычніка
Дзе: Prime Hall, пр. Пераможцаў, 65, Мінск

"Жывая музыка кіно" ў Мінску: фільм "Усход сонца: песня двух людзей"

Праект "Жывая музыка кіно" ў выкананні салістаў Дзяржаўнага камернага аркестра пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Яўгена Бушкова ў новым сезоне прадставіць увазе гледачоў аскараносную галівудскую кінастужку "Усход сонца: песня двух людзей" (1927) класіка нямецкага кіно Фрыдрыха Мурнау. Музыку да гэтай рамантычнай драмы, прызнанай лепшай сярод нямых фільмаў, стварыў амерыканскі кампазітар Стывен Прутсман, які "агучыў" творы выдатнага акцёра і рэжысёра ХХ стагоддзя Бастэра Кітана – "Шэрлак малодшы" (1924), "Сем шанцаў" (1925), "Каледж" (1927).

Калі: 16 кастрычніка
Дзе: кінатэатр "Цэнтральны", пр. Незалежнасці, 13, Мінск

Сімфанічны аркестр IP ORCHESTRA з праграмай "Сусветныя рок-хіты"

Санкт-Пецярбургскі сімфанічны аркестр IP ORCHESTRA пад кіраўніцтвам вядомага музыканта і дырыжора Ігара Панамарэнкі паспяхова гастраліруе на пяці кантынентах. Пры гэтым для музыкантаў не існуе перашкод і ў музычных эксперыментах: канцэрты з музыкай Вівальдзі і Штрауса, танга П'яцалы, класікай рока, мелодыямі айчыннага і замежнага кіно сталі візіткамі аркестра. На гэты раз калектыў прадставіць мінскай публіцы праграму, прысвечаную кампазіцыям такіх культавых рок-груп, як Scorpions, Nirvana, Muse, AC/DC, Metallica, Rammstein.

Калі: 22 кастрычніка
Дзе: КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск

Лепшая джазавая спявачка ЗША Шэран Кларк у Мінску

Уладальніца тытула "Лепшая джазавая спявачка ЗША" Шэран Кларк упершыню наведае Беларусь з прэм'ерай сваёй праграмы "Шэдэўры вакальнага джаза", прысвечанай шасці лепшым джазавым спявачкам ХХ стагоддзя – Ella Fitzgerald, Sarah Vaughan, Carmen McCrae, Billie Holiday, Shirlie Horn, Nancy Wilson. Выпускніца сусветна вядомага Berklee College of Music, Шэран Кларк па-майстэрску валодае рознымі стылямі джаза, блюза, соўл, фанк і госпел музыкі і лічыцца лепшай з прадстаўнікоў традыцыйнай вакальнай джазавай школы ЗША. Яна выступае з Smithsonian Jazz Masterworks, Richmond Symphony, Baltimore Symphony, а таксама Duke Ellington Orchestra. На беларускай сцэне дзіва з Вашынгтона выступіць з бэндам JAZZinMINSK пад кіраўніцтвам Яўгена Уладзімірава – джазавага музыканта, прадзюсара, дыпламанта Нацыянальнай камісіі ЮНЕСКА "За значны ўклад у развіццё беларускага джаза".

24 кастрычніка – Мінск, Джаз-Клуб (вул. Кальварыйская 1, зала "Мулен Руж")
25 кастрычніка – Брэст, Брэсцкая абласная філармонія (вул. Арджанікідзэ, 14)
27 кастрычніка – Мінск, Палац культуры прафсаюзаў (пр. Незалежнасці, 25)

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі