30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі доктар Рашэд Мустафа Сарвар звярнуўся з адкрытым пісьмом да беларускай бізнес-супольнасці і ўсіх жыхароў краіны, каб разам сабраць $1,5 млн на экстранную кампанію па набыцці і дастаўцы сіламі ЮНІСЕФ медыцынскага абсталявання і сродкаў аховы для беларускіх медыкаў і людзей з COVID-19, паведамляе БЕЛТА.
"У нашай каманды ёсць унікальная магчымасць куплі і дастаўкі ў Беларусь буйнейшай партыі медыцынскага абсталявання і матэрыялаў, якую мы можам арганізаваць у супрацоўніцтве з глабальным лагістычным хабам ЮНІСЕФ у Капенгагене (Данія). Наша міжнародная арганізацыя мае для гэтага лагістычныя магчымасці і 75-гадовы вопыт работы ў экстранных сітуацыях па ўсім свеце. Увесь груз будзе перададзены ўраду Беларусі для далейшай дастаўкі ва ўстановы аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнай абароны. Частка абсталявання будзе набыта намі ў беларускіх вытворцаў", - сказана ў пісьме.
З-за асаблівага статусу ў рамках сістэмы ААН ЮНІСЕФ вызвалены ад выплаты падаткаў і мытных збораў пры ўвозе грузаў у Беларусь. Акрамя таго, каманда арганізацыі 25 гадоў працуе непасрэдна з урадам, што дасць магчымасць пазбегнуць затрымак пры дастаўцы і легалізацыі міжнароднай экстраннай дапамогі ўнутры краіны.
"На працягу шасці тыдняў мы можам транспартаваць некалькімі адгрузкамі больш за 1,5 млн л антысептыку і сродкаў асабістай гігіены, больш за 1 млн тэст-сістэм, прыборы дыстанцыйнага вымярэння тэмпературы, гігіенічныя наборы, сродкі індывідуальнай аховы, кіслародныя канцэнтратары і шмат іншага", - адзначана ў адкрытым пісьме.
На тое, каб набыць і даставіць груз, неабходна $1,5 млн. "Усе гэтыя грошы пойдуць выключна на закупку і дастаўку. Наша арганізацыя нічога не зарабляе на гэтым. Мы гарантуем прадастаўленне публічнай справаздачнасці за ўсе патрачаныя сродкі", - запэўніў Рашэд Мустафа Сарвар.
Акрамя таго, ЮНІСЕФ у Беларусі гатоў абмеркаваць з беларускімі партнёрамі цэнтралізаваныя закупкі абсталявання для арганізацыі дыстанцыйнага навучання ў школах і спецыяльных дзіцячых установах, аказаць экспертную падтрымку ў стварэнні нацыянальнай сістэмы дыстанцыйнага навучання.