26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выставачны праект "І ты закрасуеш, наш Мінск старадаўнi", паведамляе БЕЛТА са спасылкай на ўстанову.
Экспазіцыя выставы знаёміць мінчан і гасцей сталіцы з абліччам горада праз погляд мастакоў пачатку ХХ стагоддзя і да 1968 года. Стагоддзе таму краявіды сталіцы моцна адрозніваліся ад вядомага сучаснаму чалавеку гарадскога асяроддзя.
На выставе прадстаўлены работы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.
Выстава будзе працаваць да 6 кастрычніка 2024 года ў выставачным корпусе музея.