6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Мінску прайшла жараб'ёўка матчу другога круга I групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса паміж тэнісістамі Беларусі і Аўстрыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У першы гульнявы дзень 7 красавіка на корце мінскага Палаца тэніса ў 11.00 матч адкрыюць Ягор Герасімаў (263-і нумар рэйтынгу АТР) і Геральд Мельцэр (109). На мінулым тыдні гэтыя сапернікі сустракаліся на турніры ў французскім Сен-Брыё, тады поспеху дасягнуў беларускі тэнісіст - 6:4, 7:5. У другім адзіночным паядынку ў пятніцу Ілья Івашка (172) згуляе з Юргенам Мельцэрам (156).
У суботу, 8 красавіка, у 13.00 адбудзецца парная сустрэча. За зборную Беларусі заяўлены Максім Мірны і Ілья Івашка, якім будуць процістаяць Аляксандр Пея і Юліян Ноўл.
Завершыцца матч у нядзелю, 9 красавіка, яшчэ двума адзіночнымі паядынкамі: Ілья Івашка - Геральд Мельцэр, Ягор Герасімаў - Юрген Мельцэр. Пачатак першай гульні ў 11.00. Уваход на трыбуны Палаца тэніса вольны.
Згодна з правіламі Кубка Дэвіса капітаны каманд Уладзімір Валчкоў і Штэфан Коўбек могуць правесці замены пасля першага спаборніцкага дня. У складзе зборнай Беларусі на корт можа выйсці Яраслаў Шыла.
Каманды Беларусі і Аўстрыі яшчэ ні разу не сустракаліся паміж сабой у розыгрышы Кубка Дэвіса. У сусветным камандным рэйтынгу Беларусь займае 31-е месца, Аўстрыя знаходзіцца на 34-й пазіцыі.
Для беларусаў маючы адбыццца матч будзе другім у гэтым сезоне. У лютым таксама на корце мінскага Палаца тэніса яны ў тым жа складзе перамаглі каманду Румыніі з лікам 3:2. Аўстрыйскія тэнісісты ў першым раўндзе не гулялі. Пераможца матчу Беларусь - Аўстрыя восенню прадоўжыць барацьбу за выхад у элітны дывізіён неафіцыйнага каманднага чэмпіянату свету - Сусветную групу, а прайграўшы застанецца ў I групе Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса.