13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні-2016" IVAN (Аляксандр Іваноў) пасадзіў у адным з паркаў Тэль-Авіва імянное дрэва, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прадзюсарскім цэнтры Віктара Дробыша, які займаецца падрыхтоўкай артыста да папулярнага песеннага конкурсу.
У Ізраілі IVAN прыняў удзел у традыцыйнай еўравізійнай вечарынцы, дзе прадставіў сваю кампазіцыю Help You Fly. Як адзначылі ў прадзюсарскім цэнтры, публіка прымала беларускага артыста вельмі цёпла. З некаторымі ўдзельнікамі "Еўрабачання" IVAN пасябраваў ужо, аб чым сведчаць сумесныя фатаграфіі ў сацыяльных сетках. З прадстаўніцай Малдовы Лідзіяй Ісак артыст нават выканаў песню на малдаўскай мове. Акрамя таго, удзельнікі еўравізійнай вечарынкі пасадзілі імянныя дрэвы ў парку Тэль-Авіва. Аляксандр Іваноў назваў сваё дрэва Беларусь.
Да другога паўфіналу "Еўрабачання-2016", у якім выступіць беларускі артыст, засталося менш за месяц - ён адбудзецца ў Стакгольме 12 мая. Канкурэнцыю IVANу складуць прадстаўнікі Латвіі, Польшчы, Швейцарыі, Ізраіля, Сербіі, Ірландыі, Македоніі, Літвы, Аўстраліі, Славеніі, Румыніі, Балгарыі, Даніі, Украіны, Нарвегіі, Грузіі, Албаніі і Бельгіі. Калі выступленне IVANа будзе паспяховым, ён выйдзе ў фінал шоу (14 мая), дзе будзе змагацца за перамогу з іншымі фіналістамі.
Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу "Еўрабачання" традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі - "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы "Беларусь 24".