3 жніўня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. IV НеФорум блогераў пройдзе ў Мінску 21-23 жніўня. Інфармацыя аб маючым адбыцца мерапрыемстве была прадстаўлена 3 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Маскве, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.
Чакаецца, што чарговая штогадовая сустрэча актыўных карыстальнікаў сацыяльных сетак збярэ амаль 150 самых папулярных блогераў з краін СНД. Упершыню разам збяруцца топ-блогеры кірылічнага сегмента iveJournal, Instagram, YouTube, VK, а таксама прафесійныя журналісты. У гэтым годзе тэма сустрэчы - "Новыя лідары меркаванняў". Арганізатарам мерапрыемства выступае Еўразійскі камунікацыйны цэнтр (ЕКЦ).
"Для нас гэта і высокі гонар, і ў той жа час высокая адказнасць, паколькі мы ўпершыню прымаем такі прадстаўнічы форум", - сказаў на прэс-канферэнцыі саветнік-пасланнік Пасольства Беларусі ў Расіі Павел Лёгкі. Паводле яго слоў, Беларусь больш цікавая, чым стэрэатыпныя ўяўленні аб ёй. "Для нас вельмі важна, каб Беларусь убачылі такой, якая яна ёсць, каб напісалі і расказалі сваім падпісчыкам, якая яна, - адзначыў дыпламат. - Я вельмі разлічваю, што з дапамогай папулярных, вядомых блогераў мы ўсе адкрыем Беларусь нанава".
Дырэктар Еўразійскага камунікацыйнага цэнтра Аляксей Пілько ў сваю чаргу падкрэсліў, што НеФорум блогераў - знакавае мерапрыемства. "Для нас НеФорум у многім каштоўны тым, што дае магчымасць быць у трэндзе, разумець тыя тэндэнцыі, якія цяпер адбываюцца ў сучасных медыя", - сказаў ён. Паводле яго слоў, новыя медыя - гэта асяроддзе, у якім правілы гульні толькі вызначаюцца, і ў ЕКЦ з'яўляецца магчымасць не проста назіраць, але быць непасрэдным удзельнікам працэсу развіцця найбольш сучаснай, перадавой часткі медыя.