21 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гродзенскі "Нёман" прабіўся ў другі раўнд кваліфікацыі футбольнай Лігі канферэнцый, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У паядынку ў адказ 1-га круга каманда Ігара Кавалевіча ў венгерскім Дзьёры згуляла ўнічыю з "Вадуцам" - 1:1. Футбалісты "Нёмана" валодалі ініцыятывай на працягу ўсёй сустрэчы, але паразіць вароты сапернікаў змаглі толькі аднойчы. На 15-й мінуце гульні нехта з сапернікаў згуляў рукой у сваёй штрафной плошчы і Павел Савіцкі ўпэўнена рэалізаваў пенальці. У канцы гульні беларусы збавілі абароты і далі магчымасць Тэа Галіяру зраўнаваць лік. У першым матчы, праведзеным 13 ліпеня ў сталіцы Ліхтэнштэйна, беларусы здабылі валявую вікторыю - 2:1. Наступным сапернікам "Нёмана" будзе мальтыйскі "Бальцан", які па суме двух матчаў быў мацнейшы за славенскі "Дамжале" - 4:1 (у гасцях) і 1:3 (дома).
Футбалісты мінскага "Дынама" завяршылі свой еўракубкавы сезон, уступіўшы па суме дзвюх сустрэч баснійскаму "Жалезнічару" з Сараева - 2:2 і 1:2.
Уладальнікі Кубка Беларусі футбалісты жодзінскага "Тарпеда-БелАЗа" пачнуць выступленне з другога раўнда ЛК, дзе сустрэнуцца з кіпрскім клубам АЕК з Ларнакі. Матчы адбудуцца 27 ліпеня і 3 жніўня.
У першым раўндзе кваліфікацыі галоўнага кантынентальнага турніру - Лігі чэмпіёнаў - барысаўскі БАТЭ перамог албанскі "Партызані" з Тыраны - 1:1 і 2:0. У другім крузе барысаўчане двойчы пазмагаюцца з кіпрскім "Арысам" з Лімасола. Гульні адбудуцца 26 ліпеня і 1 жніўня.