15 красавіка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Культурны анлайн-праект "Дамашні тэатр" папоўніўся новымі пастаноўкамі і канцэртамі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама.
Упраўленне культуры некалькі тыдняў таму на сваім сайце запусціла анлайн-праекты, якія даюць магчымасць дыстанцыйна азнаёміцца з асаблівасцямі рэгіёна. Адзін з іх - "Дамашні тэатр" - дэманстраваў гледачам відэазапісы пастановак і канцэртаў лепшых калектываў рэгіёна.
"Цяпер даступная гледачам калекцыя папоўнілася. З навінак - спектаклі абласнога драматычнага тэатра "Час і сям'я", "Вельмі простая гісторыя", і "Паляванне на пацукоў". Можна паглядзець запісы канцэртаў Гродзенскай капэлы "Моцарт. Рэквіем" і Гродзенскай філармоніі "Музыкі свет чароўны", - адзначылі ва ўпраўленні культуры. Гэта не апошняе абнаўленне праграмы. Сярод будучых навінак - запісы канцэртаў, прымеркаваных да знакавых свят.
Яшчэ адзін абласны культурны анлайн-праект - "Музей на канапе" - дае магчымасць з дому азнаёміцца з самымі цікавымі экспазіцыямі рэгіёна, - расказалі ва ўпраўленні. - Гэта Стары і Новы замкі ў Гродне, дом-музей Адама Міцкевіча і музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку, Іўеўскі музей нацыянальных культур і шмат іншых".