15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шматразовы чэмпіён свету па гіравым спорце і рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса Вячаслаў Харанека сёння ў Мінску ўстанавіў новы сусветны рэкорд, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Выступленне беларускага спартсмена прайшло ў Камандна-інжынерным інстытуце МНС. Вячаслаў Харанека на працягу гадзіны падняў 1410 раз 24-кілаграмовую гіру са становішча лежачы адной рукой папераменна. Папярэдні рэкорд у гэтым практыкаванні складаў 1200 паўтораў.
Гэты рэкорд стаў 147-м па ліку ў скарбонцы гіравіка. Паводле слоў Вячаслава Харанекі, сваё выступленне ён прысвяціў Дню ратавальніка, які адзначаецца ў Беларусі 19 студзеня.