23 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Год італьянскай культуры ў Беларусі прысвечаны 25-годдзю беларуска-італьянскіх дыпламатычных адносін. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італьянскай Рэспублікі ў Беларусі Стэфана Б'янкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дыпламат падкрэсліў, што гэта прэс-канферэнцыя адкрывае Год італьянскай культуры. Мерапрыемства ініцыіравала пасольства Італіі ў Мінску пры падтрымцы італьянскага і беларускага міністэрстваў замежных спраў. Міністэрства культуры Беларусі прапанавала сваю падтрымку і праявіла гатоўнасць да супрацоўніцтва, распрацаваўшы праграму мерапрыемстваў на 2017 год, адзначыў пасол.
Стэфана Б'янкі расказаў, што ў час Года італьянскай культуры запланавана каля 30 мерапрыемстваў і праектаў, уключаючы канцэрты, спектаклі, выстаўкі і кінапаказы. Так, пройдуць дзень італьянскага дызайну, тыдзень моды, круглыя сталы, канцэрты італьянскіх калектываў. Прадугледжана таксама выстаўка кніг "Францыск Скарына і яго эпоха".
Акрамя таго, нараўне з культурнымі акцыямі будуць арганізаваны і гандлёва-эканамічныя мерапрыемствы. Напрыклад, італа-беларускі форум будзе прысвечаны тэме зялёнай эканомікі і аднаўляльных крыніц энергіі. "Ён прызначаны аб'яднаць італьянскія дасягненні ў гэтай галіне з беларускімі інавацыямі і садзейнічаць беларуска-італьянскаму ўзаемадзеянню ў гэтай сферы", - лічыць дыпламат.
У сваю чаргу міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў падкрэсліў важнасць правядзення Года італьянскай культуры ў Беларусі, які прадоўжыць Год культуры, што быў у мінулым годзе ў нашай краіне. Пры этым кіраўнік ведамства адзначыў, што маштабныя культурныя мерапрыемствы і акцыі пастаянна праводзяцца і будуць праходзіць у Беларусі.
Барыс Святлоў расказаў, што на гэты год у Беларусі плануецца правядзенне Дзён культуры і проста культурных мерапрыемстваў такіх краін, як Азербайджан, Ізраіль, ААЭ, Малдова, Турцыя, а таксама Пермскага края Расіі. Беларускія ж дні культуры ў гэтым годзе прайшлі ўжо ў Індыі і намечаны ў Кітаі, Венгрыі, В'етнаме, Камбоджы, Сербіі і іншых дзяржавах.