2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Лос-Анджэлесе завяршыўся першы ў новым гімнастычным сезоне турнір LA Lights 2016. Беларуская гімнастка Кацярына Галкіна выйграла сярэбраную ўзнагароду ў мнагабор'і, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У час спаборніцтваў беларуска ва ўсіх чатырох практыкаваннях - з абручом (17,900 бала), мячом (17,800), булавамі (18,100) і стужкай (17,300) - заняла другое месца. У суме мнагабор'я яна набрала 71,1 бала. Пераможцай турніру ў мнагабор'і ў Лос-Анджэлесе стала ўкраінка Ганна Рызатдзінава (73,500 бала). Трэцяе месца ў іспанскай гімнасткі Караліны Радрыгес (66,950).
У дзясятцы лепшых былі таксама яшчэ чатыры беларускія грацыі. Арына Шарапа заняла пятае месца (65,500), Алена Балоціна (65,100), Ганна Бажко (63,550) і Марыя Трубач (63,000) размясціліся на сёмым, восьмым і дзявятых месцах адпаведна.
Лідар беларускай зборнай па мастацкай гімнастыцы Меліціна Станюта з-за траўмы не прымала ўдзелу ў спаборніцтвах. У лютым беларускія гімнасткі прымуць удзел у некалькіх міжнародных турнірах, а самым галоўным стартам другога зімовага месяца стане этап Кубка свету ў Фінляндыі, які адбудзецца з 24 па 26 лютага.