29 студзеня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Героі "Парку юрскага перыяду" з 30 студзеня часова паселяцца ў цэнтральнай частцы палаца Румянцавых і Паскевічаў. Размова ідзе аб выстаўцы "Планета дыназаўраў", якая ўпершыню будзе працаваць у Гомелі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе палацава-паркавага ансамбля.
Пераступіўшы парог выставачнай залы, наведвальнікі рэальна перамесцяцца на 200 мільёнаў гадоў назад і фактычна твар у твар сустрэнуцца з дагістарычнымі гігантамі: стэгазаўрам, трыцэратопсам, дыметрадонам, гадразаўрам, дэйноніхам і самым жахлівым драпежнікам, якога калі-небудзь ведала планета Зямля, - тыраназаўрам. І няхай гэтыя фігуры, якіх у экспазіцыі будзе больш за дзесяць, выкананы з воску, іх формы і памеры, што даходзяць у вышыню да 3 м, пакінуць глыбокае ўражанне, упэўнены арганізатары выстаўкі.
Да таго ж разумныя прыстасаванні і прыборы будуць перыядычна ажыўляць монстраў: яны змогуць рухацца і рыкаць, утвараць незнаёмыя гукі, у літаральным сэнсе пераносячы гледачоў у таямнічы і не да канца вывучаны свет мезазойскай эры.
Паводле слоў супрацоўнікаў палацавага музея, званкі ад жадаючых наведаць выстаўку пачаліся ўжо ў сярэдзіне студзеня. Таму першапачаткова было прынята рашэнне, што "Планета дыназаўраў" будзе знаходзіцца ў Гомелі не менш як два месяцы. А калі попыт на сузіранне гасцей з далёкага мінулага нашай планеты захаваецца, то жыхары "парку юрскага перыяду" змогуць пагасціць у палацы і больш часу.