2 жніўня, Гомель /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. У час святкавання Дня беларускага пісьменства 4 верасня ў Рагачове арганізуюць тэлемост з гарадамі-пабрацімамі сталіцы літаратурнага свята. Аб гэтым сёння журналістам паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Ірына Даўгала, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ірына Даўгала адзначыла, што падрыхтоўка літаратурнага свята ідзе актыўнымі тэмпамі. Разам з тым арганізатары не спяшаюцца раскрываць галоўныя фішкі. "Гасцей чакае шырокі спектр мерапрыемстваў. У іх ліку - навукова-практычная канферэнцыя, выстаўка СМІ, свята літаратурных дажынак, акрамя таго, будзе арганізавана каласальная колькасць выставак, назва якіх прыемна здзівіць нават самых вялікіх паклоннікаў літаратуры. Абавязкова правядзём тэлемост з гарадамі-пабрацімамі Рагачова", - сказала начальнік галоўнага ўпраўлення.
Для жыхароў Рагачова расчыняць дзверы і новыя аб'екты, у іх ліку Дом кнігі ў абноўленым убранні. Пры ім адкрыюць кніжны магазін, дзе будзе прадстаўлены вялікі выбар літаратуры. Ірына Даўгала адзначыла, што менавіта Міністэрства інфармацыі выступіла з ініцыятывай, каб Рагачоў (як сталіца Дня беларускага пісьменства) атрымаў у падарунак такі сучасны аб'ект. Таксама, паводле яе слоў, цікавасць у гасцей свята выклічуць літаратурныя падворкі і такая форма інтэлектуальнай забавы, як літаратурныя квэсты. "Упэўнена, што Гомельская вобласць дастойна прыняла эстафету літаратурнага свята і з гонарам яго правядзе", - рэзюмавала яна.
Усяго ў праграму Дня беларускага пісьменства плануецца ўключыць больш за 70 мерапрыемстваў. Дамінантамі ўрачыстасці стануць тэмы Года культуры, падрыхтоўкі краіны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, юбілейныя даты літаратараў - Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Максіма Багдановіча, Івана Мележа і Івана Шамякіна. Дзень беларускага пісьменства з'яўляецца нацыянальным святам і адзначаецца штогод. Упершыню ён прайшоў у 1994 годзе ў Полацку.