7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі правялі стартавы матч адборачнага турніру чэмпіянату свету-2018, згуляўшы ўнічыю з камандай Францыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Беларусь - Францыя - 0:0.
6 верасня. "Барысаў-Арэна". 13 000 гледачоў.
Суддзя - А.Хацеган (Румынія).
Беларусь: Гарбуноў; Палякоў, Палітэвіч, Сівакоў, Бардачоў, Корзун, Маеўскі, Стасевіч (Крывец, 69), Гардзяйчук (М. Валадзько, 85), Сігневіч (Карніленка, 81).
Францыя: Манданда; Кюрзава, Варан, Марсьяль (Пае, 57), Кантэ, Сісако (Дзембеле, 69), Сідзібе, Касельні, Грызман, Пагба, Жыру (Гамейра, 83).
Папярэджанні - Сівакоў (56), Маеўскі (90).
На полі "Барысаў-Арэны" падапечныя Аляксандра Хацкевіча спачатку ўступілі ініцыятыву віцэ-чэмпіёнам Еўропы. Каманда Дзідзье Дэшама мінут 15 амаль не выпускала беларусаў з іх палавіны поля, але сур'ёзных небяспек ля варот Андрэя Гарбунова не было, а потым гаспадары ўспомнілі аб атацы і правялі некалькі вострых выпадаў, два з якіх маглі скончыцца ўзяццем варот, але мяч ішоў міма цэлі. Мінут за 10 да перапынку "трохкаляровыя" зноў поўнасцю завалодалі ініцыятывай і прымусілі пахвалявацца беларускіх балельшчыкаў, але ні лепшы бамбардзір Еўропы-2016 Антуан Грызман, ні самы дарагі футбаліст свету Поль Пагба, ні іх партнёры не змаглі дабіцца поспеху. У другім тайме беларускія футбалісты адразу пайшлі наперад, і госці былі вымушаны абараняцца, але забіць гол гаспадары поля не змаглі. А потым, праз 8 мінут госці рэзка прыбавілі ў актыўнасці і толькі майстэрства Андрэя Гарбунова і ўдача не дазволілі Аліўе Жыру, Антуану Грызману, Дзімітры Пае і іншым французскім зоркам адкрыць лік. Госці прадаўжалі атакаваць да завяршэння сустрэчы, але беларусы выстаялі і дабіліся нічыёй у паядынку з адной з самых моцных каманд свету.
У кваліфікацыйнай групе А 6 верасня адбыліся яшчэ дзве гульні: Швецыя - Нідэрланды - 1:1, Балгарыя - Люксембург - 4:3.
У наступным туры 10 кастрычніка беларусы згуляюць у гасцях у футбалістаў Нідэрландаў, французы прымуць балгарскую зборную, шведы выступяць у Люксембургу.