17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фотарасказ аб жыцці Саюзнай дзяржавы прадставіць выстаўка Беларускага тэлеграфнага агенцтва "Саюзная дзяржава - адзінства народаў, культур, краін" у Дні культуры Беларусі ў Расіі, якія пройдуць з 19 па 22 чэрвеня, паведамляе БЕЛТА.
Экспазіцыю складуць 30 работ. Адкрыццё выстаўкі - 21 чэрвеня. Тут будуць экспанавацца работы фотажурналістаў БЕЛТА, што расказваюць аб розных аспектах жыцця Саюзнай дзяржавы. На здымках паказаны моманты значных і самых важных палітычных падзей. Кадры фотахронікі расказваюць аб ходзе рэалізацыі сумесных праграм і мерапрыемстваў у прамысловасці, абароннай і сацыяльнай сферы.
Але самым важным багаццем Саюзнай дзяржавы з'яўляюцца яе людзі. Народы Беларусі і Расіі маюць адзіную культуру і традыцыі, а гэта стварае самы трывалы фундамент для саюзнага будаўніцтва.
Члены беларускай дэлегацыі і прадстаўнікі прымаючага боку правядуць прэс-брыфінг з нагоды Дзён культуры.
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі ўвечары 21 чэрвеня пакажа балет "Вітаўт" на музыку Вячаслава Кузняцова на гістарычнай сцэне Вялікага тэатра Расіі.
Як адзначылі ў Міністэрстве культуры Беларусі, расійска-беларускае супрацоўніцтва ў сферы культуры паспяхова развіваецца. Штогод праводзяцца папулярныя фестывалі, форумы, конкурсы. Буйнейшы з іх - міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", які ў мінулым годзе адсвяткуе 25-годдзе. Сярод яркіх сумесных праектаў - міжнародныя фестывалі Юрыя Башмета, "Уладзімір Співакоў запрашае".
Сумеснымі намаганнямі ажыццёўлены капітальны рамонт паўднёва-ўсходняй казармы мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" і адкрыта экспазіцыя "Музей вайны - тэрыторыя міру". Міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі вядзецца работа над праектам праграмы Саюзнай дзяржавы "Аб увекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў", па якой прадугледжваецца выдзяленне сродкаў на капітальны рамонт аб'ектаў Брэсцкай крэпасці "Пяты форт" і "Паўднёвыя казармы", а таксама завяршэнне работ у мемарыяльным комплексе, прысвечаным Першай сусветнай вайне, у Смаргоні Гродзенскай вобласці.
Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм" і Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыяй Саюзнай дзяржавы створаны маштабны гістарычны фільм "Брэсцкая крэпасць", які з поспехам дэманстраваўся ў Беларусі і Расіі. Беларускімі і расійскімі кінематаграфістамі плануецца работа над новым сумесным тэлесерыялам пра міністра замежных спраў СССР Андрэя Грамыку.