6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Унікальная фотапраекцыя ад французскага фотамастака
Клемана Брыяна з'явіцца 7 і 8 верасня на фасадах мінскай ратушы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінгарвыканкама.Мерапрыемства адбудзецца ў час Месяца фатаграфіі ў Мінску і стане часткай праектаў, арганізаваных да 950-годдзя беларускай сталіцы. Пачатак у 21.00.
Клеман Брыян жыве і працуе ў Парыжы, выкладае культуру і практыку фатаграфіі ва ўніверсітэце горада Валансьен (Францыя). Ён атрымаў адукацыю ў прэстыжнай школе Луі Люм'ера. Сваю ўвагу фотамастак засяроджвае на вывучэнні пранікнення святла ў начную прастору - працуе з праекцыямі зусім у новым ракурсе, які прадугледжвае іншае прачытанне і іншае бачанне выяў. Пры дапамозе інавацыйных прыстасаванняў, якія сам даводзіць да дасканаласці і якія здольны рабіць праекцыі вялікіх памераў, Клеман Брыян раскрывае таямнічы бок мясцін, якія становяцца яго арт-аб'ектамі. Клеман Брыян стварае гібрыдныя прасторы - фатаграфіі больш не ўяўляюць сабой плоскія выявы аб'ектаў.
Праект арганізаваны пасольствам Францыі ў Беларусі пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Клеман Брыян ужо другі раз прыме ўдзел у Месяцы фатаграфіі ў Мінску.