9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Святочная праграма ў сталіцы парадуе мінчан і гасцей горада мноствам мерапрыемстваў, якія пачнуцца ўжо ў сярэдзіне снежня і будуць суправаджаць гараджан да сярэдзіны студзеня. Галоўныя падзеі разгорнуцца на тэрыторыі Верхняга горада і каля Палаца спорту, паведамілі БЕЛТА ў Мінгарвыканкаме.
Навагодні форум Дзядоў Марозаў і Снягурачак, які адкрывае чараду святочных мерапрыемстваў, пачнецца 24 снежня ў 15.00 на тэрыторыі Верхняга горада. На яго прыедуць Дзяды Марозы і Снягурачкі з кожнага раёна Мінска, каб у тэатралізаванай форме даць старт святам.
З 18 снежня каля Палаца спорту пройдзе конкурс-прэзентацыя раённых "Тэхнаёлак", створаных вядучымі прадпрыемствамі і арганізацыямі горада. З 25 снежня па 7 студзеня тут штодзень у 19.00 будуць паказваць навагоднюю казку "Чараўнік Старога горада, або Тайна Траецкага прадмесця".
Верхні горад таксама ператворыцца ў казачную пляцоўку: з 25 снежня па 2 студзеня ў 17.30 і 20.00 гледачоў чакаюць музычныя і інтэрактыўныя праграмы "Новы год у краіне цацак".
З 14 снежня 2024 года па 14 студзеня 2025 года каля Палаца спорту будзе працаваць "Калядны кiрмаш". У драўляных шале можна будзе знайсці ёлачныя ўпрыгажэнні, сувеніры, ласункі і кулінарныя вырабы. Кірмашы пройдуць і ў кожным раёне горада.
У дні Раства, 25 снежня і 7 студзеня, тут таксама будуць арганізаваны святочныя эстрадныя праграмы "Каляднае ззянне" і "Калядная завіруха", якія пачнуцца ў 19.35.
Галоўная праграма навагодняй ночы разгорнецца каля Палаца спорту. З 00.30 да 4.00 гасцей будуць забаўляць беларускія эстрадныя выканаўцы, дыджэі і творчыя калектывы.
У першы дзень новага года святочны канцэрт на гэтай жа пляцоўцы пачнецца ў 19.30 і завершыцца ў 22.00.
Мінск абяцае падарыць сваім жыхарам і гасцям цёплую атмасферу свята, напоўненую яркімі эмоцыямі і незабыўнымі ўражаннямі.