9 лютага, Пекін /Кар. БЕЛТА/. Вядомыя сусветныя выданні адзначылі форму зборнай Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пекіне, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК.
Амерыканскі часопіс People склаў рэйтынг лепшых касцюмаў на цырымоніі адкрыцця Алімпіяды. Форма беларускіх спартсменаў заняла ў гэтым спісе 11-е месца. "Каманда Беларусі прадставіла маляўнічую ўніформу, дзе прынт на шаліках адпавядае арнаменту на нацыянальным сцягу", - гаворыцца ў каментарыі.
Дызайн беларускіх касцюмаў адзначыў і буйны партал Insider.com. У прыватнасці, аўтар звярнуў увагу на Ігната Галавацюка і Ганну Ніфантаву: "Сцяганосцы каманды Беларусі з'явіліся на арэне ў стыльнай форме, якую падкрэслілі цудоўныя шалікі".
На Гульні ў Пекіне беларускія спартсмены прыехалі ў экіпіроўцы ад айчыннага вытворцы - кампаніі "Сола-Пінск". Дызайн адзення распрацаваны супрацоўнікамі кампаніі сумесна са спецыялістамі НАК.