1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. VI Міжнародны міжвузаўскі фестываль сучаснага танца "Зрабі крок наперад!", які пройдзе з 4 па 8 красавіка ў Віцебску, збярэ танцораў з 21 ВНУ Беларусі і замежжа, паведаміў БЕЛТА аўтар ідэі, намеснік начальніка ўпраўлення па распрацоўцы і рэалізацыі спецыяльных праектаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Арцём Ігнаценка.
Віцебск, які ў гэтыя дні стане цэнтрам танцавальнай феерыі студэнцтва, аб'яднае самых моцных танцораў з устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі, Расіі і Украіны. Упершыню ў ім прымуць удзел студэнты з Казахстана.
Фестываль уключае два конкурсныя блокі: у першым будуць прадстаўлены калектывы, якія танцуюць у стылі show-dance, krump, jazz-funk, hip-hop. Удзельнікі другога конкурснага блока здзівяць не толькі танцамі ў стылі мадэрн, джаз-мадэрн і кантэмпарары, але і акунуць гледача ў загадкавы свет аднаактовых балетаў на тэму "Геаметрыя пачуццяў". Мерапрыемствы фестывалю пройдуць на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Спецыяльнымі гасцямі стане група NAVI - фіналісты нацыянальнага адбору на Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2016".
У склад міжнароднага журы, якое ўзначаліць народны артыст Беларусі, харэограф, мастацкі кіраўнік балета Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Юрый Траян, увойдуць не толькі незалежныя суддзі, але і прадстаўнікі кожнага калектыву.
Яшчэ адной "фішкай" фестывалю стане акцыя "У Год культуры - танец кожнаму". Яе сэнс у тым, каб прыйсці на мерапрыемствы фестывалю і атрымаць асалоду ад сапраўднага мастацтва мог кожны жадаючы бясплатна. Арганізатары такім чынам плануюць прыцягнуць увагу грамадскасці да студэнцкай творчасці, зацікавіць моладзь арганізоўваць свой вольны час з карысцю.
Фестываль пройдзе пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.