11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пагадненне тэрмінам на пяць гадоў аб пераходах беларускіх хакеістаў у Нацыянальную хакейную лігу (НХЛ) падпісана ў ходзе візіту старшыні Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь (ФХРБ) Ігара Рачкоўскага ў Паўночную Амерыку. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ФХРБ.
У ходзе рабочай сустрэчы кіраўніцтва асацыяцыі "Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь" з віцэ-камісарам НХЛ Білам Дэйлі разгледжаны шэраг пытанняў па пераходзе ігракоў паміж лігамі, якія праходзяць пад эгідай ФХРБ, і НХЛ, абмеркаваны магчымасці супрацоўніцтва ў сферы арганізацыі стажыровак прадстаўнікоў хакейных клубаў Беларусі ў клубах паўночнаамерыканскай лігі, а таксама пытанні ўдзелу беларускіх ігракоў у чэмпіянаце свету па хакеі сярод маладзёжных каманд (да 20 гадоў), Кубку свету і магчымай фінальнай алімпійскай кваліфікацыі.
"Адным з нявыкананых пунктаў праграмы развіцця хакея на 2014 год было падпісанне дакумента з Нацыянальнай хакейнай лігай аб пераходах хакеістаў. Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь правяла падрыхтоўчую работу і выйшла на падпісанне поўнафарматнага доўгатэрміновага пагаднення. Пры гэтым мы не сталі спыняцца на дасягнутым і цяпер маем папярэднюю дамоўленасць аб праходжанні стажыровак беларускіх трэнераў і менеджараў у клубах НХЛ", - расказаў старшыня ФХРБ Ігар Рачкоўскі.
У новым дакуменце ўдакладнены парадак кампенсацыйных выплат на карысць ФХРБ за падрыхтоўку хакеістаў, якія потым будуць накіраваны ў адпаведныя клубы або спартыўныя школы для далейшага развіцця хакея, паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Таксама дэлегацыя ФХРБ наведала шэраг спартыўных цэнтраў і школ Паўночнай Амерыкі. Былі вывучаны найноўшыя методыкі вучэбнага працэсу і ўзяты на ўзбраенне навінкі матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння вучэбных цэнтраў. Дасягнуты дамоўленасці аб запрашэнні трэнераў акадэміі для правядзення летніх трэніровачных збораў у Беларусі, а таксама накіраванні лепшых хакеістаў і трэнераў для стажыровак у Канаду.