26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цырымонія ўрачыстай перадачы буйнейшым бібліятэкам Украіны факсімільнага выдання "Кніжная спадчына Францыска Скарыны", падрыхтаванага Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, прайшла сёння ў Кіеве. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ва Украіне.
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі перадаў зборнікі "Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны" Нацыянальнай парламенцкай бібліятэцы Украіны, Музею кнігі і друкаванай справы Украіны, Адэскай нацыянальнай навуковай бібліятэцы, Закарпацкаму краязнаўчаму музею, Дзяржаўнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку горада Астрога, Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя У.Вернадскага і Харкаўскай дзяржаўнай навуковай бібліятэцы імя У.Караленкі.
У цырымоніі прынялі ўдзел генеральны дырэктар Нацыянальнай парламенцкай бібліятэкі Украіны Тамара Вылегжаніна, прадстаўнікі МЗС і Міністэрства культуры Украіны, дыпламаты, а таксама дзеячы культуры і мастацтва Беларусі і Украіны.
Акрамя таго, сёння ў Кіеве Раман Матульскі і Тамара Вылегжаніна падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Нацыянальнай парламенцкай бібліятэкай Украіны.