14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" 15-17 студзеня пройдзе этап Кубка Усходняй Еўропы па лыжных гонках, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства спорту і турызму Беларусі.
Удзел у спаборніцтвах прымуць больш за 150 лепшых лыжнікаў з Беларусі, Расіі і Украіны. Чакаецца прыезд спартсменаў з Латвіі і Літвы.
Беларуская каманда на спаборніцтвах у Раўбічах будзе самай шматлікай: на старт выйдзе каля 80 спартсменаў, у ліку якіх плануецца ўдзел лідараў беларускай зборнай: Сяргея Далідовіча, Міхаіла Сямёнава і Юліі Ціханавай.
Асноўны склад беларускіх удзельнікаў спаборніцтваў - спартсмены да 23 гадоў, юніёрскага і юнацкага ўзростаў.
Для многіх беларускіх лыжнікаў гэты старт стане адборачным на маладзёжнае і юніёрскае першынства свету, выдатнай магчымасцю паспаборнічаць з мацнейшымі спартсменамі з замежжа.
У першы дзень Кубка Усходняй Еўропы па лыжных гонках адбудуцца старты класічным стылем на 10 км у мужчын і 5 км у жанчын, а 16 студзеня пройдуць спрынтарскія гонкі.
У час правядзення турніру ўваход для гледачоў - свабодны.
Арганізатарамі турніру выступаюць Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту, Міністэрства спорту і турызму, Мінскі аблвыканкам, Мінскі гарвыканкам, Нацыянальны алімпійскі камітэт, Беларускі лыжны саюз, Беларуская федэрацыя лыжных гонак.