24 ліпеня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Дзясяткі ўдзельнікаў з Беларусі і замежжа прыедуць на экалагічны фестываль "Спораўскія сенакосы 2014", які адбудзецца 23 жніўня на базе рэспубліканскага біялагічнага заказніка "Спораўскі", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прыродаахоўнай установы Вадзім Пратасевіч.
Нацыянальныя спаборніцтвы касцоў, якія праводзяцца тут ужо восьмы раз, у гэтым годзе стануць адначасова і IX чэмпіянатам Еўропы па ручной касьбе. У Беларусі ён пройдзе ўпершыню. Да гэтага часу еўрапейскія спаборніцтвы касцоў традыцыйна праходзілі ў Бябжанскім нацыянальным парку Польшчы. "Спораўскі" прымае ў сябе чэмпіянат дзякуючы ўнікальнасці комплексу нізінных балот і нязменна высокім вынікам, якія нацыянальная каманда дэманстравала на міжнародным узроўні, адзначыў Вадзім Пратасевіч.
Заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах касцоў можна падаваць да 10 жніўня. Паводле слоў дырэктара заказніка, яны паступілі практычна ўжо з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Польшчы і Расіі. Аматары памахаць касой знайшліся нават у Якуціі. Паводле ўмоў спаборніцтваў удзельнікі павінны мець асабістыя косы і інструменты для іх абслугоўвання. Каб стаць пераможцам у камандным заліку, дуэту касцоў неабходна будзе хутка і якасна пракасіць паласу шырынёй 3 м і даўжынёй 100 м. Па выніках каманднага першынства лепшыя касцы стартуюць на стаметровай дыстанцыі з шырынёй пракоса 1,5 м у асабістым заліку.
Магчымасць фізічнай размінкі будзе прадастаўлена і гледачам, тым больш што заяўлены фармат фестывалю прадугледжвае яркую і насычаную праграму як для яго ўдзельнікаў, так і гацей. Упершыню ў Беларусі пройдуць спаборніцтвы па "футболе на балоце". Полем для гульні стане пляцоўка памерам 60х35 м у сапраўдным нізінным балоце. Жадаючыя змогуць прайсціся па падвеснай вяровачнай сцежцы ў лесе, асвоіць азы кіравання рознымі відамі воднага транспарту на рацэ Ясельда, зрабіць падарожжа па экалагічнай сцежцы па балоце.
У час фестывалю адбудзецца кірмаш праектаў Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду, на якім будуць прэзентаваны больш як дзясятак самых паспяховых праектаў, прафінансаваных фондам у Беларусі. На кірмашы можна будзе не толькі азнаёміцца з вынікамі праектных работ, але і абмеркаваць з прадстаўнікамі фонду свае ідэі.
Узнімаць настрой гасцям і ўдзельнікам фестывалю будуць лепшыя творчыя калектывы вобласці - "Хмелеўскія валацугі", "Святлiца", "Спораўскі акалот" і іншыя. У фінале свята чакаецца выступленне легендарнай беларускай групы "Палац". Будуць арганізаваны выстаўкі-продажы сувеніраў і вырабаў рамеснікаў, работа выязнога гандлю і дзіцячых атракцыёнаў.
Арганізатарамі экалагічнага фестывалю "Спораўскія сенакосы 2014" выступаюць Бярозаўскі райвыканкам і рэспубліканскі біялагічны заказнік "Спораўскі" пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў, Праграмы малых грантаў ГЭФ.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|