20 ліпеня, Мінск /Аляксандр Новікаў - БЕЛТА/. Беларускі дзесяціборац Максім Андралойць стаў сярэбраным прызёрам маладзёжнага чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы, які праходзіць у Быдгашчы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Перад заключным, дзясятым, відам праграмы бегам на 1500 м беларус займаў першую пазіцыю - 7389 ачкоў. Усяго на 27 ачкоў адставаў ад яго нямецкі спартсмен Ніклас Каўль. Атлет з Германіі змог фінішаваць другім у забегу (4 мін 21,70 сек), тады як Максім Андралойць уступіў яму больш за 20 секунд (4 мін 43,65 сек) і страціў першы радок у пратаколе.
Ніклас Каўль у выніку набраў 8162 ачкі, Максім Андралойць - 8046 ачкоў. Бронзавым прызёрам маладзёжнага чэмпіянату свету стаў эстонец Ёханес Эрм - 7879 ачкоў.
Сусветны форум для атлетаў да 20 гадоў завершыцца ў Быгдашчы 24 ліпеня.