3 кастрычніка, Кішынёў /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Дні культуры Малдовы плануецца правесці ў Беларусі ў 2017 годзе, заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, падводзячы вынікі афіцыйнага візіту ў Малдову, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У ходзе візіту мы з задавальненнем адзначылі высокую інтэнсіўнасць двухбаковых кантактаў у гуманітарнай сферы. Чарговым крокам у гэтым напрамку стала адкрыццё Цэнтра беларускай культуры ў Кішынёве, якое адбылося ўчора. У наступным годзе плануем правесці Дні культуры Малдовы ў Беларусі і ўзвесці помнік беларускаму кнігадрукару Францыску Скарыну ў Кішынёве", - сказаў Андрэй Кабякоў.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі і Малдовы ёсць узаемнае жаданне ўсебакова ўмацоўваць двухбаковае ўзаемадзеянне. "Гэта з'яўляецца своеасаблівай гарантыяй таго, што намі будзе прыкладзена максімум намаганняў для развіцця супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях", - рэзюмаваў прэм'ер-міністр.